30 жніўня ў Паставах на выязное пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў на чале з яго лідарам Уладзімірам Цярэнцьевым сабраліся старшыні раённых Саветаў дэпутатаў вобласці. У рабоце пасяджэння ўдзельнічаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Алег Жынгель.
Тэмай для абмеркавання стала Дзяржаўная праграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021—2025 гады і выкананне рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па яе рэалізацыі на прыкладзе работы пастаўскіх Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта.
У фае райвыканкама была прадстаўлена прэзентацыя некаторых школ раёна, і госці мелі магчымасць пазнаёміцца з нашымі ўстановамі адукацыі, кірункамі іх дзейнасці і пазашкольнай работай.
— Паставы для правядзення прэзідыума выбралі невыпадкова, — гаварыў у пачатку мерапрыемства Уладзімір Цярэнцьеў. — Мы запрасілі вас сюды, каб вы пачэрпнулі для сябе вопыту. Тут ёсць чаму павучыцца, што пераняць і ўкараніць у іншых раёнах. Мясцовая ўлада працуе ў цесным кантакце з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, пры поўным узаемаразуменні, таму і прыносіць работа плён. Тут шмат робяць для таго, каб у раёне затрымлівалася моладзь.
З Пастаўшчынай госці пазнаёміліся дзякуючы фільму пра раён. Затым пра развіццё рэгіёна расказаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хама ўдзельнічаў у выязным пасяджэнні анлайн. Ён спыніўся на рабоце, што праводзіцца ў вобласці па рэалізацыі названай дзяржаўнай праграмы. Адным з яе прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі розных дзяржаўных свят, у творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, акцыях, дыялогавых пляцоўках.
Дзмітрый Хама адзначыў, што на Пастаўшчыне створаны добрыя ўмовы для заняткаў спортам, музыкай, выяўленчым мастацтвам. Плённа працуе Маладзёжны парламент. Навучэнцы школ паказваюць глыбокія веды на абласной і рэспубліканскай алімпіядах па вучэбных прадметах.
Пра работу, якую праводзіць па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі раённы аддзел па адукацыі, падрабязна расказаў яго начальнік Павел Трава.
Затым удзельнікі пасяджэння адправіліся на розныя аб’екты райцэнтра, каб убачыць умовы, створаныя для дзяцей і моладзі. Яны наведалі дзіцячы сад №6 у мікрараёне 6 гарадка. Ён функцыянуе трэці год, а пабудаваны дзякуючы ініцыятыўнасці, дальнабачнасці кіраўніка раёна Сяргея Чэпіка.
Госці засталіся пад уражаннем ад рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь», дзе выкарыстоўваецца найсучаснейшае медыцынскае абсталяванне, прымяняюцца найноўшыя методыкі аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі нервовай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання. Усё гэта — заслуга галоўнага ўрача цэнтра Сяргея Петухова і яго аднадумцаў.
Захапляліся ўсе таксама абшырнай інфраструктурай спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі», умовамі для заняткаў адзінаборствамі ў зале дзіцячай юнацка-спартыўнай школы. Цёпла сустракалі гасцей удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя».
— Выязныя пасяджэнні прэзідыума — гэта магчымасць пазнаёміцца з рознымі рэгіёнамі Віцебшчыны, — рэзюмаваў Уладзімір Цярэнцьеў. — Пастаўшчына — край унікальны. Тут маляўнічыя мясціны, дастаткова поўна выкарыстоўваюцца працоўныя рэсурсы, развітая інфраструктура. Спадзяюся, кожны з удзельнікаў прэзідыума штосьці карыснае пераняў для сябе і рэалізуе ў сваім раёне.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара