13 августа бывший председатель Юньковского сельского совета Валентина Филимонова отметила 65-летие

Общество

Мінула 5 гадоў, як Валянціна Філімонава пакінула пасаду старшыні Юнькаўскага сельскага Савета, але і сёння вельмі зацікаўлена ставіцца да ўсяго таго, што адбываецца на яго тэрыторыі. І гэта зразумела, бо сельвыканкам яна ўзначальвала на працягу двух дзесяцігоддзяў.

— Чаго толькі не было за той час! І добрага, і не вельмі, — узгадвала. — Савет абавязаны клапаціцца пра жыццезабеспячэнне насельніцтва, якое пражывае на яго тэрыторыі. Гандлёвае, медыцынскае, культурнае абслугоўванне, добраўпарадкаванне, пажарная бяспека — гэтыя і многія іншыя пытанні ў полі зроку. Вырашаць іх дапамагалі кіраўнікі адпаведных раённых службаў, гаспадарак, дэпутаты, старэйшыны вёсак, за што ім вельмі ўдзячная. Радуюся за годных пераемнікаў. Спачатку гэта быў Вячаслаў Врублеўскі, зараз абавязкі старшыні сельскага Савета выконвае Юрый Кісялёў. Кампетэнтны, адказны, ініцыятыўны, умее працаваць з людзьмі і дасягаць мэты.

13 августа бывший председатель Юньковского сельского совета Валентина Филимонова отметила 65-летие

13 жніўня Валянціна Філімонава адзначыла 65-годдзе. Многія жанчыны не любяць, калі публічна называюць іх узрост. Валянціна Міхайлаўна не з іх ліку. Зрэшты, і выглядае яна намнога маладзейшай. А ў той дзень, калі ў Юнькаўскі сельвыканкам прыехала цэлая «дэлегацыя» з райцэнтра, і ўвогуле расцвіла.

Шмат цёплых слоў выказалі імянінніцы старшыні райсавета дэпутатаў і Юнькаўскага сельскага Савета Пётр Курто і Юрый Кісялёў, старшыня райсавета ветэранаў Ганна Літвіновіч, былыя калегі. Узгадалі і яшчэ адну дату. 22 ліпеня споўнілася 45 гадоў шлюбу Валянціны і Аляксея Філімонавых. Іх каханне зарадзілася падчас вучобы ў Віцебскім ветінстытуце. Абое набылі спецыяльнасць ветурача і шмат гадоў адпрацавалі ў нашым раёне ў сельскай гаспадарцы. Трымалі шмат жыўнасці на ўласным падвор’і.

Сёння Філімонавы радуюцца за ўнучку Любу, якая таксама выбрала Віцебскую вет­акадэмію. Вучоба ёй падабаецца, першы курс скончыла на выдатна. Малодшая ўнучачка, Саша, пойдзе ў 2 клас гімназіі. Дачка Алеся і сын Сяргей атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць у Віцебску. Пры магчымасці наведваюцца да бацькоў. А калі Алесі спатрэбілася маміна дапамога, Валянціна Міхайлаўна ажно два месяцы правяла ў дачкі. Дома ўвесь гэты час спраўляўся адзін Аляксей Аляксеевіч. «Нават агародніну пасадзіў. І вельмі хваляваўся, ці вырасце ўраджай, — з усмешкай расказвала жонка. — Вырас! Ужо разам убіраем».

Вось так, сям’ёй, і вырашаюць усе справы. А таксама адзначаюць знакавыя даты.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.