У пачатку верасня наша краіна ў 30-ы раз адзначыць Дзень беларускага пісьменства. Сімвалічна, што маштабнае святкаванне адбудзецца на віцебскай зямлі — у Гарадку, бо менавіта яна дала асноўны імпульс развіццю беларускага кнігавыдавецтва.
А ў 2006 годзе сталіцай свята беларускага пісьменства быў наш райцэнтр. Яркія падзеі 17- гадовай даўнасці помняцца пастаўчанам і сёння. Вось што расказвае дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк:
— Для нашага калектыву і ўсіх гараджан цудоўным падарункам да рэспубліканскага свята стаў абноўлены раённы Дом культуры. Будынак быў узведзены ў 1974 годзе і меў статус Дома афіцэраў. У пачатку 90-х, калі воінскія часці вывелі з Пастаў, яго перадалі ў камунальную ўласнасць раёна і тут размясціўся раённы Дом культуры. Установа была вельмі запатрабаванай, у ёй праводзіліся самыя значныя мерапрыемствы. Але за некалькі дзесяцігоддзяў знешняе і ўнутранае афармленне РДК, інжынерныя камунікацыі састарэлі.
Не да твару было пастаўчанам прымаць гасцей з усёй рэспублікі ў такім будынку. Таму кіраўніцтва раёна прыняло рашэнне капітальна адрамантаваць яго да Дня беларускага пісьменства. На гэта патрабаваліся вялікія сродкі. Толькі дзякуючы неймавернай настойлівасці старшыні райвыканкама Эдуарда Казуры і падтрымцы кіраўніцтва аблвыканкама дасягнулі мэты.
Не хапала сродкаў — і раён браў крэдыты. Але не эканомілі на матэрыялах, а набывалі самыя сучасныя. І гэта апраўдала сябе — будынкам РДК можна ганарыцца і сёння. Асноўным падрадчыкам стала маладзечанская фірма «Барыт». Акрамя яе, было 7 субпадрадчыкаў. У асобныя дні на аб’екце працавала да 100 чалавек. Ход работ кожны тыдзень аналізаваўся на пасяджэннях раённага штаба. Капітальны рамонт правялі ў рэкордна кароткія тэрміны — усяго за 6 месяцаў.
Знешні выгляд будынка, глядзельная зала на 500 месцаў, сцэна, службовыя пакоі і пакоі для заняткаў змяніліся непазнавальна. Устанавілі дарагое музычнае і светлавое абсталяванне, мадэрнізавалі інжынерныя сеткі. РДК стаў адпавядаць найлепшым узорам.
Радаснай падзеяй стала адкрыццё абноўленай установы. Акрамя кіраўніцтва раёна, ва ўрачыстасці прынялі ўдзел міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч і яго першы намеснік Лілія Ананіч, намеснік міністра культуры Валерый Гедройц, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ванда Януковіч, намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Южык. У фае былі разгорнуты выставы фотаработ Іосіфа Цапеліка, Галіны Панкінай, Віктара Казака і выстава вышывак Ліліі Зарэцкай. Найлепшыя музычныя калектывы раёна парадавалі шматлікіх гледачоў канцэртам.
Пасля капітальнага рамонту наш РДК стаў яшчэ больш прыцягальнай установай. У ім праводзяцца не толькі раённыя мерапрыемствы, выступаюць мясцовыя таленты, але і вядомыя беларускія, расійскія артысты. Іх уражвае, што ў райцэнтры ёсць такая шыкоўная ўстанова культуры. Мы ганарымся ёй, беражліва захоўваем усё, створанае раней, і ўносім штосьці новае.
Фаіна Касаткіна
Фота з архіва «ПК»