Віншаванні з раніцы прымаў не толькі ад сям’і, родных, але і ад кіраўніцтва гаспадаркі. У той дзень разам з Андрэем Валком, Мікалаем Пабядзінскім і Уладзімірам Банькоўскім выехаў на камбайне на ячменнае поле каля Куртаў.
Азімы ячмень на сельгаспрадпрыемстве пасеялі ўпершыню, таму на вялікую плошчу не рашыліся — занялі ўсяго 75 гектараў. Культура нядрэнна перанесла засуху: колас вырас немалы і поўны, зерне налілося. Камбайны ўрэзаліся ў залацістае поле, жняяркі захапілі важкія каласы — і пасыпалася ў бункер першае зерне. Работа спорылася. І калі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Наталля Пабядзінская патэлефанавала юбіляру і пацікавілася, ці паступіла на картку матэрыяльная дапамога ў 13 базавых велічынь, якая выплачваецца згодна з калектыўным дагаворам, той адказаў, што няма калі правяраць баланс: трэба тоны набіраць.
Прыемным сюрпрызам для імянінніка стаў прыезд прама ў поле старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілія Катовіча і намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяны Андрэевай. Мікалай Чашун спыніўся на хвілінку. Паведаміў, што ўжо намалаціў 50 тон. Цёплыя словы віншаванняў, поціск рук, фотаздымак — і зноў у кабіну: да вечара хацелася ячмень убраць. І гэта атрымалася. Імяніннік намалаціў 100 тон збожжа.
Гэтага камбайнера ведаю даўно. Ён знайшоў сваё механізатарскае прызванне на роднай зямлі, на якой шчыравалі яго прадзеды, дзяды. Перадавым камбайнерам быў бацька. Ад яго, а таксама ад Антона Браздаўскіса пераймаў майстэрства Мікалай. І цяпер з года ў год адным з першых у гаспадарцы, ды і ў раёне, дасягае тысячнага намалоту. Прывівае любоў да тэхнікі сваім памочнікам на жніве, вучыць яе берагчы. Колькі маладых хлопцаў за больш чым 30 уборачных прайшлі школу Мікалая Чашуна, падлічыць цяжка. Ганарыцца пляменнікам Арцёмам, які ўжо трэці сезон будзе ўбіраць зерневыя самастойна.
— Вечарам, змалаціўшы ячмень на ўсёй плошчы, мы вярнуліся ў майстэрню, — расказваў Мікалай Чашун. — Атрымалі задавальненне ад першага выезду. Ячмень, канешне, калі б не засуха, увогуле мог бы быць выдатным. Але для сёлетняга года і так нядрэнны — 52,8 цэнтнера з гектара. Святкаваць юбілей пакуль не выпадае — наперадзе гарачая пара.
Анна Анішкевіч