У нядзелю, 16 ліпеня, у Пастаўскі РАУС паступіла паведамленне пра тое, што на возеры Задзеўскае загінуў малады чалавек. На месца здарэння выехала аператыўна-следчая група з мэтай высветліць акалічнасці трагедыі.
Папярэдне ўстаноўлена, што ў той вечар пастаўчанін 1986 года нараджэння паехаў на возера з боку вуліцы Ціхай на веласіпедзе. Плаваў адзін. Пазней сюды ж наведаўся яшчэ адзін жыхар райцэнтра. Ён бачыў, што купаецца малады мужчына — на той момант яшчэ нішто не прадвяшчала бяды.
Праз некаторы час чалавек прапаў з поля зроку, што не магло не насцярожыць. Жыхар райцэнтра паплыў на месца, дзе ў апошні раз яго бачыў. Апасенне падцвердзілася: той быў пад вадой без прыкмет жыцця. Пастаўчанін выцягнуў яго на бераг, да якога было каля 15 метраў. Адразу ж вызваў хуткую дапамогу і патэлефанаваў у міліцыю. На жаль, рэанімаваць тапельца не ўдалося.
Ці быў загінулы ў стане алкагольнага ап’янення, пакажа судова-медыцынская экспертыза. Ні на адным уліку ўРАУС ён не знаходзіўся, працаваў у індывідуальнага прадпрымальніка.
З пачатку лета гэта ўжо другая смерць на Задзеўскім — у чэрвені там патанула 14-гадовая дзяўчына. Спіс ахвяр не павялічыцца, калі кожны адпачывальнік будзе прытрымлівацца правілаў паводзін на вадаёмах. Галоўныя з іх — не заходзіць у ваду у стане алкагольнага ап’янення, не купацца ў неабсталяваных месцах, не ныраць на незнаёмых водных участках, не пакідаць без нагляду дзяцей, не дапускаць пераахаладжэння арганізма, доўга знаходзячыся ў вадзе. Старайцеся не плаваць у адзіночку, каб у выпадку небяспекі вам было каму дапамагчы.
Павел Нагановіч, выконваючы абавязкі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС