Толькі паспелі змалаціць ячмень, вызваліць палі ад саломы, як на іх выехалі трактары з плугамі: пачалося ворыва пад сяўбу азімых культур. У раёне яны зоймуць 17 500 гектараў. Ад апрацоўкі глебы ў многім залежыць ўраджайнасць. Таму ў гэтыя дні многія механізатары актыўна ўключыліся ў работу.
У ААТ «Хацілы-агра» з запланаваных пад азімыя 1 810 гектараў узарана 205. Гэта больш, чым у іншых гаспадарках. Поле каля Ліцвінак, дзе раслі шматгадовыя травы, сёлета ў гаспадарцы вырашылі засеяць азімымі. У панядзелак тут працаваў механізатар Аляксандр Сарока.
— Лягчэй узорваць пясчаныя землі, а таксама пасля рапсу, — гаварыў Аляксандр. — На полі са шматгадовымі травамі не разгонішся: вельмі суха, ды і ўчасткі тут малаконтурныя. Тым не менш учора ўзараў каля 20 гектараў. Затое на васілінскіх палях даўжыня гону — 3 кіламетры, там і хуткасць большая, і якасць лепшая.
Аляксандр Сарока родам з вёскі Шчоткі. Механізатарскую справу пачынаў асвойваць у калгасе «Кастрычнік». Калі той абанкруціўся, перабраўся ў Хацілы. Жонка скончыла Пастаўскі дзяржаўны каледж і завочна — Полацкі дзяржуніверсітэт. Працуе ў мясцовай бухгалтэрыі. Сям’і выдзелілі двухпакаёвую кватэру ў новым доме.
Трактару, на якім працуе Аляксандр, 7-ы год, але служыць надзейна. Вясной і восенню звычайна падчапляе да яго спачатку плугі, затым — дыскі. Падчас корманарыхтоўкі адвозіў зялёную масу з поля да сянажных траншэй. На любым участку стараецца.
Трактар з васьмікорпусным плугам павольна плыў па полі. Па раллі паважна хадзілі буслы. Калі назіраеш збоку, усё вельмі прыгожа. А паспрабуй адпрацаваць дзень у кабіне трактара, калі плугі з-за анамальнай засухі, як сёлета, «не хочуць» уразацца ў глебу, а тая пад націскам ламаецца, нібы мерзлая! Але хлебаробы пра цяжкасці гаварыць не любяць.
Анна Анішкевіч