В гостях у редакции – приемные родители Татьяна и Юрий Пасечники

Важное Общество

«Такіх людзей не бывае», — пачула я захоплены водзыў пра Таццяну Леанідаўну і Юрыя Анатольевіча Пасечнікаў — будучых герояў рубрыкі — і накіравалася да іх, каб пераканацца, што ўсё-такі бываюць.

Яны выгадавалі пяць сыноў (трое ўжо дарослыя і жывуць асобна ад бацькоў), а сёння разам з двума сваімі сынамі-школьнікамі выхоўваюць сем прыёмных дзяцей. Вялікая кагорта жыве ў доме сямейнага тыпу, узведзеным і абсталяваным за дзяржаўны кошт. Пасечнікі ма­юць статус бацькоў-выхавальнікаў. Пра гэта наша гутарка.

В гостях у редакции – приемные родители Татьяна и Юрий Пасечники

— У вас ажно пяцёра сваіх дзяцей! Няўжо не стаміліся з імі, калі адважыліся на апякунства няродных?

— Мы абое вельмі любім дзяцей і шкадуем тых, хто абдзелены клопатам і любоўю. Да таго, каб стаць прыёмнымі бацькамі, рыхтаваліся мэтанакіравана. Безумоўна, разумелі, наколькі гэта адказна. Першы хлопчык гадоў 10 трапіў да нас з іншай апякунскай сям’і, дзе з ім не справіліся і адмовіліся ад выхавання. Прынялі з усёй душой, здувалі з яго пылінкі. Спадзяваліся, што акружым клопатам і шчырай любоўю, і ён зменіць свае паводзіны. Але, на вялікі жаль, гэтага не адбылося — хлопчык праяўляў агрэсію да нашых дзяцей, падпальваў мэблю, збягаў з дому. Усе нашы намаганні не далі станоўчага выніку, і праз год мы вымушаны былі таксама адмовіцца ад падапечнага і перадаць яго ў сацыяльны прытулак. Вельмі перажывалі з-за гэтага, хаця ведалі, што клапаціліся пра хлопчыка больш, чым пра родных дзяцей, аддавалі яму ўсе свае душэўныя сілы.

— Атрымліваецца, што першы апякунскі вопыт нямала засмуціў вас. Тым не менш не саступілі з выбранага шляху…

— Жаданне дапамагаць дзецям не прапала. І магчымасці для гэтага мелі. У нас па вуліцы Пушкіна вялікі двухпавярховы дом, другі паверх цалкам аддавалі дзецям. У сацыяльным прытулку нам параілі звярнуць увагу на чатырохгадовага Дзіму. Смешны, смуглы, сімпатычны хлопчык. «Пойдзеш да нас жыць?» — спыталіся. «Пайду!» — пачулі ў адказ. А ў яго сястрычка, якой усяго два годзікі, у Доме малюткі. Хіба можна іх разлучыць? Паехалі за Дашачкай. Потым адзін за адным у нашу сям’ю прыйшлі Святланка, яшчэ адзін Дзіма і Маргарытка.

У 2021 годзе ў аддзеле па адукацыі райвыканкама нам прапанавалі стаць гаспадарамі дома сямейнага тыпу, які знаходзіцца па вуліцы Азёрнай. (Да Пасечнікаў у ім пражывалі іншыя бацькі-выхавальнікі — аўт.) Мы згадзіліся і з дзецьмі пераехалі сюды. У доме нас чакалі яшчэ два хлопчыкі — Ваня і Саша, якія жылі тут раней.

В гостях у редакции – приемные родители Татьяна и Юрий Пасечники

Перыядычна па просьбе органаў апекі прымаем немаўлят (іх у нас было ўжо 7). Гадуем да паўгода, а затым перадаём на ўсынаўленне. З такімі дзеткамі вельмі цяжка: хваробы, бяссонныя ночы. Але ўсё роўна радасна бачыць, як дзіцятка падрастае, набіраецца сіл. Урэшце шкада з ім расставацца, хаця разумеем, што яно будзе жаданым у сям’і, якая забірае.

— Столькі розных па ўзросце і характары дзяцей! Напэўна, і спрэчкі, канфлікты паміж імі здараюцца. Як іх гасіце?

— Мы ўжо расказвалі, што з-за агрэсіўнасці першага прыёмнага хлопчыка не змаглі з ім справіцца. Больш нічога падобнага сярод нашых дзяцей не было. Узнікае якое непаразуменне, пачуем шум — і пачынаем разбірацца, што здарылася. Кожную сітуацыю прагаворваем. «Давайце ўстановім ісціну, — кажам дзецям. — Усё павінна быць справядлівым. Не маніце. Калі нашкодзілі — не бойцеся прызнацца. Мы павінны ведаць, што адбылося і якія з гэтага трэба зрабіць высновы».

— А што са здароўем вашых выхаванцаў?

— Больш чым 3 гады назад аднаго з прыёмных хлопчыкаў, Дзіму-малодшага, мы ўсынавілі. Пайшлі на такі крок таму, што ў яго найбольшыя праблемы са здароўем. Бачым, што без нашага пастаяннага клопату Дзіму і ў дарослым жыцці не справіцца. А ўсыноўлены, ён заўсёды будзе пад нашым крылом. З асаблівасцямі развіцця Святланка. Да нас яна трапіла ў 5 гадоў, вельмі запушчаная. Магла з’есці траву або папіць з лужы. Размаўляла так, нібыта рот поўны кашы, нічога нельга было зразумець. Вельмі цяжка для нас, але паспяхова ішоў працэс яе развіцця. З дня ў дзень зай­маліся дома, а ў дзіцячым садку з дзяўчынкай працавала лагапед. Зараз Святланку не пазнаць, сёлета яна па аблегчанай праграме на выдатна закончыла 6-ы клас. А якая старанная памочніца ў быце! Ёсць праблемы ў Вані — ён стаіць на ўліку ў бальніцы. Да яго знаходзім асаблівы падыход.

— Ва ўсіх вашых прыёмных дзяцей ёсць біялагічныя бацькі. Ці цікавяцца яны імі, ці наведваюць іх?

— На жаль, такое здараецца рэдка. Нават тыя, хто жыве на тэрыторыі раёна, а то і ў горадзе, забылі дарогу да сваіх дзяцей. Больш хвалююцца за іх бабулі і дзядулі. З некаторымі пасябравалі, перазвоньваемся, па відэасувязі яны размаўляюць з унукамі. Калі прыязджаюць да нас і бачаць, у якіх добрых умовах растуць дзеці, шчыра дзякуюць за клопат пра іх.

— Як наладжваеце быт?

— Прывучылі дзяцей акуратна запраўляць ложкі, складваць рэчы, каб нідзе нічога не валялася, падтрымліваць парадак. Па суботах усе разам робім асабліва старанную ўборку ва ўсім доме. А як не ўмець памыць свае шкарпэткі, бялізну? І на кухні яны дапамагаюць. Часта пячом піцу, розныя пірагі. Трэба ж усяму навучыць, каб пасля выпуску ад нас не аказаліся бездапаможнымі.

— Ці ладзіце сямейныя святы?

— Абавязкова! Адзначаем дні нараджэння. Дзеці ў тайне ад імянінніка сваімі рукамі рыхтуюць яму падарункі. Гатуем смачныя стравы і накрываем салодкі стол. 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, усе ідзём у магазін, і дзеці самі выбіраюць цацкі, якія хацелі б мець. Асабліва весела сустракаем Новы год.

— Ведаю, што напярэдадні Новага года да вас з падарункамі для дзяцей наведваюцца прадстаўнікі розных арганізацый. А ў іншы час адчуваеце якую-небудзь падтрымку?

— Пачнём з таго, што дзеці знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Мы атрымліваем дапамогу на кожнага і зарплату як бацькі-выхавальнікі. Беларускі дзіцячы фонд даваў грошы на цацкі, а яшчэ забяспечыў насеннем кветак і агародніны, якіх мы садзім шмат. Сёлета вясной таксама прыслаў саджанцы яблынь, якія нашы дзеці садзілі разам з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама. Зусім нядаўна райвыканкам па хадайніцтве аддзела па адукацыі прафінансаваў набыццё матэрыялаў для рамонту другога паверха дома. Гэта немалая сума, бо трэба паклеіць новыя шпалеры, памяняць дзверы. Акрамя таго, абяцаюць узвесці ля дома альтанку і абсталяваць варкаут.

Бязмежна ўдзячны людзям, якія перадаюць для нашых дзяцей якасныя адзенне, абутак. Безумоўна, мы купляем і новае, але дзеці так хутка зношваюць усё! А хочацца, каб яны былі заўсёды прыгожа апранутыя і абутыя.

— У работнікаў адукацыі доўгія водпускі. У вас як у выхавальнікаў, напэўна, таксама?

— Так, ажно 56 дзён. Але, каб пайсці ў водпуск, дзяцей трэба аддаць у сацыяльны прытулак. Для іх гэта стрэс. Таму мы не дазваляем сабе такое і ні адзін год водпуск не бралі. Зараз шасцёра дзяцей адпачываюць у летніх лагерах, а чацвёра — двое родных, адзін усыноўлены і паўтарагадовая прыёмная дзяўчынка Вільтэ — з намі. Мы з мужам займаемся рамонтам другога паверха.

— Нават родныя дзеці не заўсёды ўдзячныя бацькам за клопат пра іх. А як прыёмныя?

— У нас прынцып: ніколі не трэба чакаць удзячнасці. Нас ніхто не абавязваў станавіцца прыёмнымі бацькамі — мы самі выбралі такі шлях. І пераканаліся: калі ўсё робіш правільна, не толькі клапоцішся пра дзяцей у матэрыяльным плане, але і аддаеш ім усю душу і сэрца, то яны гэта адчуваюць: абдымуць, усміхнуцца, падзеляцца самым запаветным. Марым пра тое, каб усё добра склалася ў іх дарослым жыцці, у якое яны ўступаюць, закончыўшы 9 або 11 класаў. Першы выпускнік нашага дома, а гэта Дзіма, сёлетняй вясной закончыў 9 класаў і падаў дакументы ў Пастаўскі дзяржкаледж — выбраў прафесію повара. Але мы не развітваемся з ім. Спа­дзяёмся, што стане наведвацца да нас у святочныя і выхадныя дні, а таксама на канікулах. Ды і наступных выпускнікоў заўсёды будзем рады бачыць у нашым сямейным доме.

Фаіна Касаткіна. Фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.