50 гадоў назад лынтупская школа выпусціла ў дарослае жыццё тры класы юнакоў і дзяўчат. Яны працягнулі вучобу ў розных гарадах і краінах, і далёка не ўсе вярнуліся на сваю малую радзіму, каб тут працаваць і будаваць свае сем’і. Аднак куды б іх ні прыводзілі дарогі лёсу, заўжды з цеплынёй у сэрцы ўспамінаюць свае школьныя гады.
Роўна праз паўстагоддзя пасля выпускнога тыя юнакі і дзяўчаты ўжо дарослымі людзьмі вярнуліся на месца, дзе атрымлівалі веды і спасцігалі ўрокі жыцця. І сустрэча тая была багатая на ўражанні.
Гэта быў цёплы летні дзень. На цэнтральнай плошчы нельга было не заўважыць групу прыгожа адзетых людзей. Яны ўсміхаліся, вітаючы адно аднаго, жартавалі і, прасветленыя шчырымі эмоцыямі, здаецца, маладзелі на вачах.
У назначаны час усе дружнай гаманлівай кампаніяй адправіліся ў касцёл. Там святую Імшу для выпускнікоў правёў ксёндз-пробашч мясцовай парафіі Аляксандр Баран.
— Сёння вы сабраліся на Бацькаўшчыне — у храме, дзе часта бывалі ў дзяцінстве з бабулямі і дзядулямі, дзе многія з вас атрымалі свае першыя сакраманты, — адзначыў святар. — Як птушаняты, што вылецелі з гнёздаў, вы выйшлі ў вялікі свет, каб рэалізаваць сваё пакліканне. Але назаўжды засталіся сведкамі жыцця нашых продкаў і захоўваеце памяць пра тых, хто напаўняў жыццём Лынтупшчыну.
Сёння вы найперш прыйшлі да Пана. І гэта сведчыць пра тое, што вы вынеслі з бацькоўскага дому вялікі дар веры і разумееце: у касцёл ідуць не толькі ў смутную хвіліну, але і ў радасную, каб падзякаваць за ўсё, што ёсць у жыцці. І гэта разуменне перадаяце сваім дзецям, унукам, вучыце іх таму, чаму навучылі вас. Дзякуючы гэтай пераемнасці на святой Імшы ў нашым храме могуць адначасова маліцца прадстаўнікі чатырох пакаленняў адной сям’і. Хай Бог благаславіць кожнае імгненне вашага жыцця, вашы сем’і, каб вы і надалей узрасталі ў святасці, дабрыні і любові!
З касцёла выпускнікі адправіліся ў парк — да палаца Бішэўскага, у будынку якога раней размяшчалася школа.
— У 1 клас мы пайшлі ў 1963 годзе, — гаварыла ўраджэнка Лынтуп, а цяпер жыхарка Вільнюса Марыя Мажута (у дзявоцтве — Маркоўская). — Спачатку вучыліся ў «маленькай» школе — у будынку насупраць цяперашняга сельсавета — і не маглі дачакацца, калі ж пяройдзем у велічны палац. Памятаю, як шмат там было вучняў, асабліва старшакласнікаў: у 9—10 класы прыходзілі пасля васьмігодак з Палесся, Масленікаў і іншых вёсак.
Яшчэ адна выпускніца — Вера Краснова — жыве ў літоўскім Дзіджасалісе. У суседнюю краіну яна выехала адразу пасля заканчэння школы.
— Гэта мая першая сустрэча з аднакласнікамі за 45 гадоў. Некаторых сёння не пазнала — даводзілася знаёміцца нанова, — усміхалася Вера Краснова. — Сустрэча з імі яшчэ толькі пачалася, а ўражанняў ужо незлічоная колькасць. Эмоцый і напярэдадні хапала. Калі мне патэлефанавалі і запрасілі прыехаць, моцна расплакалася. Такое ўзрушэнне адчула ў душы, што заснуць не магла. Было прыемна, што памятаюць.
У Лынтупы жанчына прыехала загадзя: пабывала на споведзі і з адкрытай душой прыйшла на сустрэчу.
— Столькі сёння ўспамінаў! — працягвала яна. — Узгадваецца, і як за падказку выгналі з класа, і як аднакласнік прышпіліў кнопкамі да лаўкі школьную форму. Гэта быў урок матэматыкі. Мяне выклікалі да дошкі, а я з месца зварухнуцца не магу. Настаўнік кажа несці дзённік на «двойку», а мне прызнацца сорамна — сяджу плачу. Але ж добры быў час, хоць і нялёгкі. Мама адна мяне з братамі гадавала, цяжкасцей хапала, аднак умелі знаходзіць у жыцці радасць. Памятаю, з якім замілаваннем стаяла яшчэ дзяўчынай ля танцпляцоўкі, назірала за старэйшымі: сама ж яшчэ да танцаў не дарасла. І сёння ясна чуюцца «Эти глаза напротив» Валерыя Абадзінскага, што тады гучалі ля клуба.
Не толькі з Літвы прыехалі ў той дзень выпускнікі ў Лынтупы, але і з Браслава, Смалявіч, Варапаеўшчыны… Былі і тыя, хто застаўся жыць на Лынтупшчыне. Гаварылі яны пра вучобу ў школе, пра свае родныя мясціны. Адразу тры чалавекі з кампаніі выпускнікоў аказаліся ўраджэнцамі вёскі Пешкаўцы, яшчэ адзін жыў на хутары Олксна, што быў непадалёк і ад якога сёння не засталося і знаку.
— Дабірацца да школы трэба было 9 кіламетраў, — расказвала ўраджэнка Пешкаўцаў Сафія Зубкова (Літвіновіч), якая цяпер пражывае ў Вільнюсе. — Цёплай восенню на вучобу ехалі на веласіпедах — групай чалавек па 15. З лістапада жылі ў інтэрнаце і толькі на адзін выхадны — на нядзелю — вярталіся дадому. Забіралі нас бацькі на конях. Захінуць у футры, у кажухі — і вязуць на возе. Пешшу дабірацца па заснежаных дарогах было цяжка, ішлі след у след, і ўсё роўна валёнкі былі поўныя снегу.
Шмат іншых кранальных успамінаў падарыла землякам тая сустрэча. Яны разглядвалі шматлікія чорна-белыя здымкі, якія ўзялі з сабой, добрым словам успаміналі настаўнікаў, аднакласнікаў, якія ўжо адышлі ў іншы свет. А на развітанне выказалі надзею зноў сабрацца на Радзіме, каб з новай сілай адчуць моц сваіх каранёў. І ў чарговы раз упэўніцца: пасля вяртання ў родныя «гнёзды» за спінай вырастаюць крылы, з якімі па жыццёвых дарогах вандраваць лягчэй…
Іна Сняжкова