Штогод з 1 чэрвеня па 15 верасня на Пастаўшчыне праходзіць спецыяльная праграма «Мак». Яе асноўныя задачы — правядзенне растлумачальнай работы сярод насельніцтва пра згубныя наступствы ўжывання наркотыкаў і давядзенне адказнасці за сяўбу і вырошчванне маку і канопляў. Таксама праваахоўнікі выяўляюць і знішчаюць пасевы гэтых раслін, устанаўліваюць і затрымліваюць асоб, якія займаюцца нарыхтоўкай сыравіны і вырабам з яе наркатычных сродкаў. Вось і сёлета з наступленнем лета супрацоўнікі РАУС пачалі аб’язджаць населеныя пункты раёна і глядзець, што расце на іх тэрыторыі і вакол. Асаблівую ўвагу звяртаюць на прыватныя домаўладанні з прысядзібнымі ўчасткамі, дзе нярэдка можна ўбачыць яркія кветкі маку.
— Хачу заўважыць, што забаронена вырошчваць не толькі звычайны, алейны, але і дэкаратыўны мак, бо ў ім таксама ўтрымліваюцца наркатычныя сродкі, — папярэджвае садаводаў-аматараў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі РАУС Міхаіл Ходан. — Калі ён расце на вашым участку — знішчыце! Інакш яго могуць сабраць наркаманы, а на вас будзе складзены пратакол, і давядзецца заплаціць штраф. У адпаведнасці з артыкулам 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь, ён можа дасягнуць 20 базавых велічынь.
Па словах Міхаіла, летась на ўчастках жыхароў раёна выяўлена 18 фактаў незаконнай сяўбы і вырошчвання маку і канопляў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 18 грамадзян, знішчана амаль 7,5 кілаграма маку на агульнай плошчы 53 м2. Таксама ўзбуджаны 2 крымінальныя справы і канфіскавана 76 грамаў марыхуаны.
— Калі наркаўтрымальныя расліны вырошчваюцца з мэтай рэалізацыі ці вырабу наркатычных сродкаў, наступае адказнасць па артыкуле 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і за гэта прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў, — тлумачыць прадстаўнік закону. — За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна або групай асоб, можна пазбавіцца волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. А ў выпадку, калі дзейнічала арганізаваная група, — трапіць за краты на 5—15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Сёлета ў ходзе адпрацоўкі населеных пунктаў Пастаўшчыны аператыўнікі выявілі ўжо 2 адміністрацыйныя правапарушэнні і прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь двух грамадзян. Знішчана 1,3 кілаграма маку, які рос на плошчы 7 м2. Работа ў гэтым напрамку працягваецца.
— Спадзяюся, гараджане і жыхары раёна не застануцца ў баку ад праблемы незаконнага вырошчвання наркаўтрымальных раслін і будуць садзейнічаць супрацоўнікам міліцыі, — кажа Міхаіл Ходан. — Паведамляйце пра ўсе вядомыя вам факты вырастання маку і канопляў і пра тых, хто іх вырошчвае, у РАУС па тэлефонах: 102 або 4-32-25, +375-33-377-17-30 (МТС). Канфідэнцыйнасць гарантуем.
Алена Шапавалава