Раньше боялась, а потом полюбила: несколько лет назад Зоя Костюк занялась пчеловодством

Главное Общество

Бацька Зоі Касцюк трымаў некалькі вулляў пчол. У дзяцінстве, ды і ў дзявоцтве, яна панічна баялася іх і зусім не цікавілася жыццём куслівых насякомых. Метамарфоза адбылася, калі ёй было ўжо за 40…

— Аднойчы мужава сваячка зайшла да нас у кватэру з цэлым вядром мёду, — успамінала Зоя Іванаўна. — Гэта мяне настолькі ўразіла, што адразу ж загарэлася жаданнем завесці пчол. Размясціць іх было дзе — у сядзібе мужавых бацькоў у вёсцы Круткі. Пачынала з таго, што купіла тры пустыя пчаліныя домікі. Вясковы сусед даў рой. Год за годам купляла і засяляла ўсё новыя і новыя вуллі. Прычым пчалярствам займаюся адна. Ніхто з сямейнікаў да гэтай справы не далучыўся: усе баяцца пчол. Ніякага вопыту па іх утрыманні не мела, таму чытала шмат літаратуры, кансультавалася ў вопытных пчаляроў, з многімі кантактую і зараз.

Раньше боялась, а потом полюбила: несколько лет назад Зоя Костюк занялась пчеловодством

Яна скончыла Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут. Працавала дзяржаўным інспектарам па каранціне раслін у Мольдзевіцкім кантрольна-прапускным пункце. Пасля яго закрыцця перавялася на аналагічны ў Полацку і на працягу дзевяці гадоў ездзіла туды.

— Дамоў выбіралася толькі на выхадныя, — расказвала жанчына. — Аднак не затрымлівалася ў гарадской кватэры ў Паставах, а адпраўлялася на пасеку і гаспадарыла там.

Раньше боялась, а потом полюбила: несколько лет назад Зоя Костюк занялась пчеловодством

Многія лічаць, што з пчоламі няма ніякіх клопатаў: засяліў у домікі — і няхай працуюць, а ты чакай салодкага ўраджаю. Насамрэч гэта зусім не так: спраў у пчаляроў хапае.

— Вясной, калі паветра прагрэецца да 15 градусаў, пачынаю рэвізію вулляў, — дзялілася Зоя Касцюк. — У адных мёду замнога, у іншых — наадварот, мала. Перастаўляю рамкі, счышчаю падмор. Выстаўляю на самае сонечнае месца ваду, каб прагрэлася (вясной пчолы шмат п’юць). Асаблівае напружанне ў канцы жніўня — пачатку верасня, калі забіраю мёд. Здаралася, што больш за 400 рамак за дзень вымала з вулляў, а потым цэлую ноч на ручной цэнтрыфузе мёд адпампоўвала, каб ён не застыў. Гэта цяпер, на пенсіі, маю шмат часу, а калі працавала, яго катастрафічна не хапала. А як дасканала трэба рыхта­ваць пчоласем’і да зімоўкі! Бывала, зробіш усё як мае быць, а сям’я загіне. Тады вельмі крыўдна. Не абышлося без страт і сёлета…

Раньше боялась, а потом полюбила: несколько лет назад Зоя Костюк занялась пчеловодством

Зоя Іванаўна эмацыянальна расказвала мне пра тэхналогію пчалярства. І гэта было намнога цікавей, чым тое, што я прачытала ў інтэрнэце, рыхтуючыся да сустрэчы. Адчувалася, што яна вельмі захопленая справай. І перажывае з-за таго, што ў пчаляроў узнікаюць цяжкасці са збытам салодкай прадукцыі. Зрэшты, мёд з яе пасекі, на якой каля 40 вулляў, карыстаецца попытам не толькі на Пастаўшчыне. Кожнае лета па некалькі вё­дзер яго купляюць у Казахстан і Санкт-Пецярбург. Пакаштавалі і ў Германіі, Польшчы. Таксама прадае ў Полацк, дзе яшчэ ў гады работы займела шмат пакупнікоў.

  • Каб сабраць чайную лыжку мёду, адной пчале трэба вылецець з вулля па ношку каля 2 тысяч разоў.
  • Адна сям’я налічвае каля 50 тысяч пчол. Галоўная ў ёй – матка.

— Сёлета мёду шмат, і ён смачнейшы, чым быў летась, — хваліла прадукцыю пчаляр. — Лета вельмі сухое, і ў ім захаваліся ўсе кветкавыя водары. А які пахучы рапсавы! Ён белы, а не жоўты, і некаторых патэнцыйных пакупнікоў гэта насцярожвае. Людзі не ведаюць, наколькі такі мёд карысны.

Ад райцэнтра да Круткоў, дзе даўно ніхто не жыве і дзе ідэальныя ўмовы для пасекі, 15 кіламетраў. Раней Зоя Іванаўна без праблем пераадольвала іх на скутары. 6 гадоў назад набыла аўтамабіль «Рэно-Меган». Жанчына жыве адна ў трохпакаёвай кватэры. У сына і дачкі свае сем’і, муж загінуў некалькі гадоў назад. Яна прывыкла разлічваць толькі на свае сілы і лічыць, што менавіта пчалярства надае іх. А яшчэ дадае: «Старасць мяне дома не застане. Купіла дом у Навасёлках. У Курсевічах мела добрую дачу, усё там цудоўна абуладкавала. Мінулай восенню прадала. Але зразумела, што яшчэ ёсць сілы і жаданне працаваць на зямлі. І вось пачынаю гаспадарыць у новым куточку».

Раньше боялась, а потом полюбила: несколько лет назад Зоя Костюк занялась пчеловодством

— А што з укусамі пчол? У дзяцінстве ж вельмі баяліся іх, — вяртаю Зою Іванаўну да пачатку нашай размовы.

— Прывыкла і лічу, што яны мне нават карысныя. Здаралася, што да дзесяці пчол маглі ўкусіць — і ніякай алергіі.    

Я слухала гэта, і халадок прабягаў па спіне. І ці варта ка­заць, з якімі дрыжыкамі хадзіла па пасецы з фотаапаратам? Аднак усё абышлося: пчолы былі захопленыя сваёй работай. А працаўнікі яны нястомныя.

 Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.