З гісторыі
Вядомая з 1617 года як вёска Дарава ў складзе маёнтка Дунілавічы Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкае ўладанне з зямельным надзелам у 25 валокаў. Назва, верагодна, паходзіць ад славянскага «дарыць» і адлюстроўвае факт пераходу паселішча ў якасці падарунка («у дар») да новага ўладальніка. Па перапісе 1897 года мела 31 двор і 151 жыхара. Побач знаходзіўся аднайменны маёнтак. З 1918 па 1944 год зведала акупацыю нямецкімі і польскімі войскамі. На франтах Вялікай Айчыннай загінула 8 вяскоўцаў. У 1963 годзе ў 39 дварах тут пражываў 131 чалавек.
Настальгічнае
«Деревня моя деревянная дальняя,/ Смотрю на тебя я, прикрывшись рукой./ Ты в лёгком платочке июльского облачка/ В веснушках черёмух стоишь над рекой…» Усю дарогу ад Пастаў да Даравога ў памяці круціліся і круціліся гэтыя і іншыя радкі пранікнёнай песні.
У Станелевічах збочваем з шашы на гравійку. Абступленая лесам, вядзе ўсё далей — надзейна схавалася вёсачка. Але вось і яна. У лёгкай хусцінцы ліпеньскіх аблокаў, толькі ўжо не ў вяснушках чаромхі, а ў пышнай квецені агародчыкаў, яблыках, што даспяваюць у садах, агурках і памідорах на градках.
Мяне сустракае старэйшына Даравога Ганна Турчыновіч. Мы знаёмыя толькі па тэлефоне, а ўбачыліся — і адчуванне такое, нібыта ведаю гэту жанчыну даўно. Магчыма, таму, што мы аднаго ўзросту, а можа, яднаюць вясковыя карані. Як бы там ні было, а агульную мову знайшлі адразу. Зрэшты, як і з іншымі жыхарамі. І чарговая невялічкая лясная вёсачка на маршруце рэдакцыйнага праекта стала мне вельмі блізкай.
Да кожнага – з душой
Менавіта так ставіцца да людзей старэйшына вёскі. Таму і водзывы пра Ганну Турчыновіч я чула найлепшыя. Як ад старшыні Валкоўскага сельскага Савета Таісы Баторы, так і ад аднавяскоўцаў.
— Усе мае гады прайшлі ў Даравым, — расказвала Ганна Пятроўна. — Тут выйшла замуж, нарадзіла трох сыноў. Муж быў перадавым механізатарам у калгасе і адмысловым музыкантам. Я працавала спачатку ў калгасе, потым — у сельскім Савеце, магазіне. Жылі дружна. Сем гадоў, як мужа не стала, вельмі сумую без яго. Аднак маю шчасце ў дзецях. У мяне трое цудоўных сыноў і залатыя нявесткі. Не кожная дачка так клапатліва адносіцца да маці, як да мяне нявесткі. Вельмі люблю ўнукаў — іх у мяне сямёра.
Сын Васілій, які прысутнічаў пры нашай размове, заўважыў: «А наша мама нават вершы піша». Чым я, безумоўна, не магла не пацікавіцца. Гартаю старонкі агульнага сшытка, учытваюся ў вершы «Мая вёска», «Восень», «Дабрыня», «Анёл-ахоўнік», «Ноч салаўіная» — і адчуваю ў іх душу трапятлівую і нераўнадушную. А Ганна Пятроўна сціпла зазначае: «Я іх не прыдумваю — яны самі нараджаюцца».
Гаварылі мы са старэйшынам і пра вёску. Безумоўна, з вялікай настальгіяй. Калісьці тут былі пачатковая школа, магазін, пражывала больш за 130 чалавек, трымалі шмат жыўнасці. А зараз толькі казулі, лісы ды зайцы могуць прабегчы па вуліцы. Да Пастаў 52 кіламетры, а аўтобус ходзіць усяго два разы на месяц. Да Глыбокага намнога бліжэй, але зноў жа няма транспартных зносін. Пастаянныя жыхары толькі ў сямі хатах. Летам вёска ажывае, бо прыязджаюць дачнікі. Яны не толькі з Пастаў, Глыбокага, але і з Санкт-Пецярбурга, а адзін нават з Германіі.
— У пачатку ліпеня ў нас адбылося свята вёскі, — расказвала старэйшына. — Яно прайшло вельмі весела. Шмат цёплых слоў адрасавала людзям старшыня сельскага Савета Таіса Баторы, быў добры канцэрт мастацкай самадзейнасці. А потым мы з артыстамі пасядзелі за накрытым сталом. Усе разам спявалі, танцавалі, успаміналі мінулае.
«У нас – «Вега-Транс»!
Не без гонару казалі мне вяскоўцы, калі я вельмі здзівілася, убачыўшы на ўскраіне Даравога вялізныя фуры.
Аказваецца, ураджэнец вёскі Васілій Турчыновіч з’яўляецца кіраўніком расійскай кампаніі «Вега-Транс», якая займаецца перавозкамі з Беларусі ў Расію харчовых тавараў, у асноўным — мяса-малочных. У бацькоўскай сядзібе абсталяваў стаянку для велікагрузнага транспарту, тут жа вядзецца яго рамонт.
— Магчыма, хтосьці лічыць, што мы ў сваёй кампаніі заграбаем вялікія грошы, — разважаў Васілій Генадзьевіч. — Але на самай справе гэта не так, бо міжнародныя перавозкі, эксплуатацыя тэхнікі патрабуюць і немалых затрат. Хапае цяжкасцей. Яшчэ больш іх было раней. Добра, што зараз кантакты паміж Беларуссю і Расіяй толькі ўмацоўваюцца. Гэта спрыяе і нашай рабоце.
Трое з бліжэйшага хутара
Рэгіна Сікора, Людміла Кухальская і Даната Чэсак бліжэйшым хутарам жартоўна называюць частку апусцелай вуліцы, на якой паблізу стаяць іх хаты, а другі канец вуліцы — далейшым хутарам. Яго аблюбавалі дачнікі.
Усе трое — удовы, для кожнай няма даражэйшага месца, чым Даравое, бо яно — роднае. Найчасцей збіраюцца ў Рэгіны Сікоры. Яна, бадай, самая ўвішная. «Ужо і сёння зранку паспела схадзіць у ягады, — хвалілі сяброўку жанчыны. — І на веласіпедзе куды хочаш даедзе. А ці звярнулі ўвагу, як Рэгіна ўпрыгожыла дом і двор, колькі кветак насадзіла?» «Ягады — мая стыхія», — прызналася сама Рэгіна Адамаўна. — На пенсіі на лес часу хапае. Скаціну не трымаю, толькі агарод даглядаю. Дзеці і ўнукі — у Глыбокім і Паставах».
Людміла Кухальская нарадзілася ажно ў Свярдлоўску, куды яе бацькі паехалі па вярбоўцы. «Але яшчэ зусім малой была, калі яны вярнуліся ў родныя мясціны, — дзялілася. — Тут вырасла, адсюль выйшла замуж у Варапаева, нарадзіла двух сыноў. Зараз жыву з сынам у Паставах, а з вясны да позняй восені — тут, у бацькоўскай хаце. Атрымліваю пенсію, хапае на ўсё неабходнае. Дзякуй Богу за нашу ўладу».
Данату Чэсак жаночы лёс закінуў ва Украіну. 30 гадоў пражыла на Валыншчыне, а калі муж памёр, 7 гадоў таму вярнулася ў Даравое, да старэнькай маці.
— Усё ў мяне было ва Украіне, добра жылі, — успамінае жанчына. — Але ўсё роўна сумавала па родных мясцінах. Пакуль не было граніц, кожны год прыязджала ў водпуск. І вось вярнулася назаўсёды. Вельмі люблю Даравое, мяне заўсёды цягнула сюды. І тры мае родныя браты не так далёка — у Варапаеве, Вярэньках, Полацку, малодшая дачка — у Глыбокім. А вось старэйшая засталася ва Украіне.
Я слухала гісторыі жыцця гэтых трох жанчын і разумела, што, акрамя малой радзімы, аб’ядноўвае іх. Гэта працавітасць, добразычлівасць, непатрабавальнасць і прыстасаванасць да няпростых умоў сялянскага побыту.
У еднасці з прыродай
праходзіць жыццё Аліны Статуты. Яе родная вёска — Хрыстова, а ў Даравое выйшла замуж. Разам з мужам выхавалі двух годных сыноў. Адзін жыве ў Санкт-Пецярбургу, другі — разам з маці. Іх вуліца так і называецца — Лясная, а на ёй — адзін дом.
10 мая Аліне Уладзіміраўне споўнілася 85. Нечаканым, але прыемным сюрпрызам для жанчыны стаў прыезд да яе ў гэты дзень старшыні сельскага Савета Таісы Баторы і загадчыцы бібліятэкі Людмілы Палянінай, якія цёпла павіншавалі юбілярку.
Фаіна Касаткіна