Ідэальная раскоша ля дома Вольгі і Пятра Сакаловых па вуліцы Стадыённай у Паставах.
Пачынаю расказваць пра гэта ў поўнай разгубленасці, бо разумею, што словамі і нават фотаздымкамі немагчыма перадаць усё тое, што не проста ўражвае, а захапляе ў сапраўды райскім куточку амаль на ўскраіне горада.
Вольга і Пётр Сакаловы жывуць тут ужо тры дзесяцігоддзі. Абое на пенсіі (яна працавала медсястрой у ЦРБ, ён — электрыкам на мытні), але ім не да адпачынку: каб утрымліваць двухпавярховы дом, гаспадарчыя пабудовы і тэрыторыю ва ўзорным стане, трэба працаваць і працаваць (іх дзеці жывуць асобна).
Прыдамавая тэрыторыя займае ажно 27 сотак. Тут знаходзіцца зарыбленая сажалка 20х15 метраў. На астатняй плошчы — невялікі агарод, газоны, пладовыя дрэвы і кусты, незлічоныя кветнікі. Адных руж толькі больш за 100 кустоў.
— А мне ўсё мала, — прызнаецца Вольга Арсеньеўна. — Вось і сёлета цішком ад мужа выпісала чатыры новыя гатункі і два купіла на рынку.
Пётр Еўсцігнеевіч, «падслухаўшы» прызнанне жонкі, паблажліва ўсміхаецца і кажа:
— Ведаю я ўсе Оліны кветкавыя сакрэты, але маўчу. Прывык, што яна ўсё пашырае і пашырае клумбы. Як не пераконваю, што, наадварот, трэба змяншаць іх, не згаджаецца і ўскопвае ўсё новыя палосы газона пад кветкі.
Ходзім з гаспадарамі ад клумбы да клумбы, і вочы разбягаюцца ад яркага шматколернага хараства. Ружы, гартэнзіі, лілеі, хрызантэмы, вяйгела, лімоннік, гейхера, калы, хосты, дэкаратыўныя злакі, эхінацэя… Пералічыць усе нерэальна, бо нават сама Вольга не памятае ўсіх назваў кветак, якія вырошчвае.
— А тут у нас абрыкосы, персікі, — паказвае Пётр Еўсцігнеевіч. — У папярэднія гады па тры вядры пладоў з дрэўца здымалі, а сёлета — пуста: мароз пашкодзіў цвет. Затое дзве вялізныя вішні літаральна ўсыпаныя ягадамі. А гэта — паўлоўнія (па народнаму, алюмініевае дрэва). Яго нам даслалі летась з Брэста, вырастае да 18 метраў у вышыню. Далей — «сцяна» далёкаўсходняга элеўтэракока.
Пераключаю ўвагу на арыгінальны прасторны летні домік, дакладней дом, які знаходзіцца непадалёк цаглянай двухпавярхоўкі. Як і ўсюды, у ім ідэальны парадак, з густам аформлены інтэр’ер. Тут дастаткова месца не толькі для сямейнага чаявання, але і для вялікай бяседы. Да слова, знаёмыя расказвалі мне, што Сакаловы — вельмі гасцінныя людзі, Вольга Арсеньеўна — адмысловы кулінар і любіць частаваць сваімі смачнымі стравамі.
— На гэтым месцы меўся быць склеп, — расказваў гаспадар. — Раней мы садзілі многа бульбы, трымалі быкоў, свіней, курэй, рабілі шмат нарыхтовак, якія і меркавалі захоўваць у склепе. Але з гадамі жыўнасць звялі, пакінуўшы толькі курэй. І тых гэтым летам ліса за паўдня шэсць галоў украла. Неабходнасць у склепе адпала. А катлаван залівала вадой. Непарадак! Вось і давялося будаваць побач з нашым двухпавярховым домам, па-сутнасці, яшчэ адзін.
А хіба яны маглі застацца без уласнай лазні? Убачыла я і незвычайны парнік з памідорамі — у катлаване глыбінёй два метры, акуратныя градкі з агароднінай, гаспадарчыя пабудовы, сцены якіх абвіты клемацісамі.
Працы ў Сакаловых процьма. Адны толькі кветкі патрабуюць вялікага клопату: паліць, прапалоць, падкарміць, укрыць на зіму. Тут асноўнае поле дзейнасці для Вольгі. Безумоўна, дапамагае і Пётр. Пладовыя насаджэнні, гаспадарчыя пабудовы, газоны — яго адказнасць. Акрамя таго, зараз амаль штодня ездзіць у Падаляны, дзе трымае пасеку. Раней на ёй было ажно 70 пчаліных домікаў. З гадамі скарацілі іх колькасць да 20, бо сталі ўзнікаць праблемы са збытам прадукцыі.
Гэты цудоўны па прыгажосці і дагледжанасці куточак не хацелася пакідаць. Але я разумела, што адрываю гаспадароў ад прывычных спраў, і стала развітвацца. Вольга Арсеньеўна памкнулася зрэзаць для мяне кветкі. Але я катэгарычна запратэставала: няхай жывуць столькі, колькі ім адмерана прыродай. А адрас Сакаловых падказала калегам з мясцовага тэлебачання «Паставы ТБ»: такую ідэальную раскошу варта ўбачыць як мага большай колькасці людзей. Вось бы са згоды гаспадароў яшчэ і ў турыстычны маршрут уключыць (гавару пра гэта без усялякай іроніі). Людзі засталіся б у захапленні.
Фаіна Касаткіна