Камфортны, прадукцыйны
Так ацэньваюць на льнозаводзе камбайн GS12A1 PRO, які на мінулым тыдні набылі ў лізінг.
Паглядзець, як працуе новая тэхніка, з дырэктарам завода Алёнай Юрынёнак я адправілася ва ўрочышча Бірвіта.
— Лён займаў 2 077 гектараў, — расказвала па дарозе Алёна Дзмітрыеўна. — На 600 гектарах яго выцерабілі на «зелянец». Сёння распачалі церабленне з ачэсваннем галовак і ачыстку насення. Вось на гэтым этапе і выкарыстоўваецца новы камбайн.
Яго даверылі вопытнаму і адказнаму Дзмітрыю Скурацёнку. На прадпрыемстве ён працуе 17 гадоў. Любую аперацыю выконвае якасна. Вясной на трактары з дыскамі рыхтаваў глебу да сяўбы. А ў свой час і сеяў лён, і церабіў яго. Некалькі гадоў на КЗС-10 абмалочваў галоўкі льну.
— Працаваў на камбайне 2009 года выпуску, — расказваў Дзмітрый. — Заводу ён дастаўся ў 2012 годзе ад аднаго з калгасаў-банкрутаў. Доўга мы яго прыводзілі ў рабочы стан. І ён паслужыў яшчэ 10 гадоў. Вядома, прадукцыйнасць была нізкай, якасць абмалоту вымушала жадаць лепшага.
Новы камбайн Дзмітрый прыгнаў з Глыбокага. Агледзеў усе вузлы, дзесьці штосьці падкруціў і ў сераду выехаў у поле. Замест жняяркі ў камбайна падборшчык, што дазваляе пазбягаць страт насення.
— Машына больш удасканаленая і высокапрадукцыйная, — гаварыў камбайнер. — У ёй камфартабельная кабіна з крэслам на пнеўмападвесцы, манаблочная панэль кіравання, джойсцік і бартавы камп’ютар.
Без доўгага валакна
Ільняныя палеткі раскіданыя па ўсім раёне, палова сыравіннай зоны знаходзіцца ў Браслаўскім. Тэхніка завода працуе ў розных куточках. Ля Бірвіты была сканцэнтравана асноўная частка церабілак і льнокамбайнаў. Церабленне — работа, якую трэба выканаць своечасова, каб хапіла часу на вылежку трасты. На церабілках працуюць вопытныя механізатары Аляксандр Аліноўскі, Іван Загурскі, Сяргей Студзянкоў. Яны рвуць лён без ачэсвання галовак і сцеляць яго ў дзве стужкі.
Ігар Аношка, Віктар Ганчар, Грыгорый Трушкін і іншыя на льнокамбайнах рвуць лён і ачэсваюць галоўкі, якія па транспарцёры падаюцца ў прычэп трактара. Ачэсаны лён застаецца ў полі для вылежкі. Галоўкі падаюцца ў новы камбайн Дзмітрыя Скурацёнка, і такім чынам ствараецца запас насення на наступны год.
Працаваць на льноўборачных машынах няпроста: іх трэба прыстасоўваць пад кожнае поле асобна ў залежнасці ад вышыні льну. У навічкоў Юрыя і Артура Валкоў гэта атрымліваецца. Іх вучаць вопытныя механізатары.
Кожны год на дапамогу льнозавадчанам прыходзяць работнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый горада. Сярод тых, хто «прапісваецца» тут на перыяд пасяўной і ўборкі, — Аляксандр Навумец. Яго рукі запатрабаваныя і ў ААТ «Паставымэбля». У той жа час тут разумеюць, што выручаць аграрыяў трэба. Аляксандра на льнозаводзе лічаць сваім, паважаюць за старанне. Ён хутка асвоіў ільнокамбайн і ўжо шмат гадоў паспяхова рве і сцеле лён.
У пачатку лета, праязджаючы каля льняных палеткаў, я любавалася дружнымі ўсходамі на іх. Але засуха спыніла рост раслінак. На пясчаных землях на Лынтупшчыне многія пасевы выгаралі, і іх прыйшлося спісаць.
— Сёлета на доўгае валакно не разлічваем, — гаварыла Алёна Юрынёнак. — Хаця ўсе работы правялі згодна з тэхналогіяй: падабралі прыгодныя для вырошчвання льну землі, з восені ўнеслі гліфасаты і ўдабрэнні, узаралі глебу, вясной яе падрыхтавалі да сяўбы. Пасеялі беларускія сарты «гранд», «маяк», «талер» у аптымальныя тэрміны, затым пасевы падкармілі, апрацавалі супраць шкоднікаў.
Карацей, цягнулі лён да неба ўсімі спосабамі, кожны сантыметр валакна адваёўвалі ў надвор’я. А яго ўмовы для росту культуры былі жорсткімі: спёка і засуха. Пра канчатковы вынік гаварыць пакуль рана. Тут зноў жа шмат залежыць ад нябеснай канцылярыі: беларускаму шоўку для вылежкі патрэбныя дождж і росы, а калі пачнецца прасаванне — сонейка.
Анна Анішкевіч