Гаспадаркі раёна завяршылі ўборку азімага ячменю. Сярэдняя ўраджайнасць склала 35,5 цэнтнера з гектара. У ААТ «Хацілы» — 52,8, «Навасёлкі-Лучай» — 42,3, «Камайскі-агра» — 41,6.
Цяпер кіпіць работа на рапсавых палях. З планавых 2 325 гектараў на 25 ліпеня ўбраны 1 670, або 72% плошчы. Па ўраджайнасці ў лідарах хацілаўцы, якія намалочваюць па 43 ц/га. 25,2 атрымліваюць у Навасёлках, 21,7 — у ААТ «Сцяг Перамогі-агра».
Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, як і ў мінулыя гады, вядзе ўлік найбольш старанных экіпажаў камбайнаў, а таксама вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў. Дзе высокая ўраджайнасць, там ёсць і перадавікі. Вопытныя камбайнеры ААТ «Камайскі-агра» Мікалай Махонь і Уладзімір Карыцька, а таксама малады Аляксей Яркоўскі ўжо намалацілі адпаведна 332, 328 і 315 т ячменю і 176, 160 і 160 — рапсу. Вадзіцель гэтай гаспадаркі Павел Кеўліч з году ў год у ліку першых перавозіць тысячу тон збожжа. Сёлета на яго рахунку ўжо 258 тон ячменю і 212 — рапсу. Сярод вадзіцеляў вызначаюцца навасёлкаўцы Ігар Савуць, Сяргей Бедунько, Сяргей Варашкевіч і Андрэй Падгайскі, кожны з якіх перавёз больш за 300 тон збожжа і рапсу.
Аператары зернесушыльнага комплексу з Камай Анатолій Кундра, Юрый Вербіловіч і Дзмітрый Косараў высушылі 1 500 тон ячменю і 300 тон рапсу.
Усе — у чаканні масавай уборкі зерневых. Добрыя разлікі на ўраджай маюць азімая пшаніца і трыцікале. Вось тады і разгорнецца сапраўднае спаборніцтва.
Анна Анішкевіч