На мінулым тыдні старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў медалі «За бездакорную службу» шасці прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіравання вобласці. У ліку тых, хто іх атрымаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама Галіна Чаплінская.
Уручаючы ўзнагароды, кіраўнік абласнога выканаўчага камітэта адзначыў, што дзяржаўная служба патрабуе вялікай адказнасці, патрыятызму і вернасці Радзіме. Запрошаныя на ўрачыстасць — адны з першых цывільных асоб, удастоеных такога высокага медаля. І гэта накладвае на іх яшчэ большую адказнасць.
Безумоўна, кожны з узнагароджаных гэта выдатна разумее, бо не адзін год працуе ў сістэме дзяржкіравання. Што да Галіны Мікалаеўны, то яе стаж у райвыканкаме складае тры дзесяцігоддзі. Сюды яна прыйшла, маючы за плячыма немалы вопыт работы ў камсамоле, дзе вырасла з сакратара камітэта камсамола тэхнічнага вучылішча №124 г. Вілейкі да першага сакратара Пастаўскага райкама ЛКСМБ.
На новым месцы спачатку займала пасаду спецыяліста па справах моладзі. Затым узначальвала аддзел інфармацыі раённага выканаўчага камітэта. З 2004 па 2013 год з’яўлялася начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, а пазней стала курыраваць яшчэ і культуру, маладзёжную дзейнасць. І ўсюды праявіла сябе як ініцыятыўны, патрабавальны і высокапрафесійны кіраўнік, які ўзважана прымае рашэнні, вызначаецца настойлівасцю і дзелавітасцю.
Галіна Мікалаеўна штодзень займаецца пытаннямі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі, выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці. Яна правяла значную работу па стварэнні сістэмы інфармавання насельніцтва і фарміраванні ідэалагічнага актыву раёна, унесла важкі асабісты ўклад у інфармацыйна-ідэалагічнае забеспячэнне пры падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. З 2013 года з’яўляецца дырэктарам Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Акрамя таго, на працягу многіх гадоў узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру».
У 2017 годзе працоўныя заслугі Галіны Чаплінскай былі адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у 2019-м — яго нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». У 2020 годзе яна атрымала Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Мае таксама некалькі ганаровых грамат райвыканкама. Цяпер да гэтых узнагарод дабавіўся яшчэ і медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені.
— Атрымліваць яго ва ўрачыстай абстаноўцы з рук Аляксандра Субоціна было вельмі хвалююча, — прызналася Галіна Мікалаеўна. — Разам з тым перапаўняла гордасць за тое, што я ўдастоена медаля, якім пасля ўнясення змяненняў ва ўказ Прэзідэнта пачалі адзначаць не толькі ваеннаслужачых і прадстаўнікаў іншых ведамстваў, але і работнікаў органаў дзяржкіравання. Гордасць за свой раён, сваю работу, якую люблю, таксама як і людзей, з якімі працую. Лічу, што няма на зямлі лепшага месца, чым нашы Паставы, і лепшых людзей, чым пастаўчане, — такія памяркоўныя, працавітыя, таленавітыя. Таму ўспрымаю гэты медаль як узнагароду не толькі мне, але і ўсім тым, з кім даводзіцца мець справу штодня.
Алена Шапавалава. Фота аўтара