Кветкі любяць «пагаварыць»
І яна з імі — таксама. Маю на ўвазе жыхарку райцэнтра Ганну Літвіновіч.
— Самыя капрызныя — архідэі, — зрабіла яна выснову. — Ледзьве знайшла з імі агульную мову, але зараз растуць без праблем. Фіялкі адцвілі і пакуль адпачываюць. А вось гартэнзія прапала. Напэўна, пакрыўдзілася за тое, што я раздавала яе парасткі. Нядаўна купіла дзве невялічкія, буду песціць.
Любоў да кветак у Ганны Яўстаф’еўны з дзяцінства, якое прайшло на хутары Равы непадалёк Цешалава. Гартэнзіі былі любімымі пакаёвымі кветкамі яе бабулі. А каля хаты другой бабулі раскашавала цэлая алея півоняў. Ды і іншыя кветкі разводзілі бабулі і маці. Аня ахвотна дапамагала ім у гэтым. Перад вяселлем дачкі бацькі купілі ёй дом па вуліцы Гагарына ў Паставах. І яна стала не толькі агароднічаць, але і ўпрыгожваць кветкамі пакоі і двор.
З боку вуліцы ля дома Літвіновічаў паўнапраўнай гаспадыняй і абсалютнай прыгажуняй пачувае сябе пляцістая ружа. Яна так густа ўсыпана яркімі кветкамі, што не залюбавацца немагчыма. На ганку і ў двары — ружы, півоні, лілеі, браткі, ампельныя петуніі і іншыя. — Сёлетняя спёка невыносная, — бедавала Ганна Яўстаф’еўна. — Не паспяваеш паліваць, як усё зноў высыхае. Добра, што я на пенсіі і маю на гэта час, ды і муж падтрымлівае маё захапленне.
Заходзіш у дом — і тут кветкавае царства. Паўсюль — на сталах, падаконніках, у вазах на падлозе — пеларгоніі, фіялкі, венерыны валасы, рамонкі, дыфенбахія, манстэра, кактусы….
— І якія з іх самыя любімыя? — пытаюся ў гаспадыні.
— Кожная прыгожая па-свойму, і кожную люблю, — адказвае жанчына і з такім замілаваннем глядзіць на квітнеючы кактус, што я адразу бяру ў рукі фотаапарат.
Згадзіцеся, хіба не хараство на здымках?
Фаіна Касаткіна. Фота аўтара