Вынік мог быць іншым
«Гарадскія львы» (Гарадок)–ФСК «Паставы» – 1:0
Сёлета каманды ўжо двойчы абмяняліся паміж сабой буйнымі перамогамі. У складзе нашай у гэтым выязным матчы згуляў адзін з двух дазаяўленых футбалістаў — 26-гадовы варатар з Наваполацка Яўген Лубко. Пастаўчане спачатку гулялі другім нумарам, бо адсутнічалі два вядучыя цэнтральныя абаронцы. Сапернік да перапынку таксама асабліва не рызыкаваў, хоць і часцей валодаў мячом.
ФСК «Паставы» стаў бліжэй да поспеху пасля імклівага фланговага праходу паўабаронцы Яўгена Ясюковіча і прастрэльнай перадачы на цэнтрфорварда Германа Чаляя. Наш нападаючы прабіў трапна, але гарадокскі варатар адбіў небяспечны ўдар. Затым сапернік забіў гол у нашы вароты, але суддзі ўзяцце варот адмянілі з-за становішча «па-за гульнёй».
У другім тайме пайшоў больш адкрыты футбол. Пастаўчане памянялі гульнявую схему на «4-4-1-1», і пайшла роўная гульня на сустрэчных курсах. Аднак па-ранейшаму ў абароне абедзве каманды гулялі яўна мацней, чым у нападзенні. У такіх паядынках вынік супрацьстаяння вырашае адзін праведзены мяч.
На 55-й хвіліне наша каманда ўпусціла яўную магчымасць выйсці наперад. Перад варатарскай пляцоўкай мяч атрымаў апорны паўабаронца Аляксандр Звяруга. На жаль, галкіпер гарадокцаў Арцём Палавінскі не разгубіўся — справіўся з першым і паўторным ударам на дабіванні. Неўзабаве сапернік праз 3 хвіліны правёў хуткую контратаку. А найлепшы бамбардзір Віцебшчыны, 22-гадовы нападаючы Назар Іваноў, праявіў сваё высокае майстэрства і стрэлам з ходу накіраваў мяч у сетку — 1:0. Гарадокцы вялікімі сіламі адышлі назад, удала справіліся з націскам пастаўчан і вырвалі няпростую перамогу.
На выездзе крыўдна саступілі моцнаму саперніку Лубко, Маршын, Рогач (к), Камісарчук, Касенка, М. Зелянкевіч (Вілейта), Звяруга (Мядзведзеў), Цыўнель, Жылевіч, Ясюковіч, Чалей.
У туры аднаасобным лідарам зноў стаў дзеючы чэмпіён — «Газавік» (Віцебск), які на выездзе ў Глыбокім разграміў нашага наступнага саперніка з лікам 4:0. Астатнія матчы завяршыліся так: «Полацк-2019»—ФК «Лепель» — 2:1, «Ніва» (Талачын)—ФК «Сянно» — 6:3, ФСК «Орша»—ФК «Міёры» — 4:2. У турнірнай табліцы ўслед за віцябчанамі (30 ачкоў) ідуць міёрцы (27), ФСК «Паставы» (19), талачынцы і аршанцы (па 18), сенненцы (14), палачане (12), гарадокцы (10), лепяльчане (7). На апошнім месцы — ФК «Глыбокае», з якім пастаўчане памераюцца сіламі на гарадскім стадыёне ў 13 гадзін 30 ліпеня. Затым у чэмпіянаце краіны будзе трохтыднёвы перапынак. Падчас яго пройдзе розыгрыш Кубка Віцебскай вобласці па футболе з удзелам нашай каманды, уладальнік ганаровага трафея пазмагаецца затым за Кубак рэгіёнаў Беларусі.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя