ФСК «Паставы»–ФСК «Орша» – 2:2
Гэты дамашні матч атрымаўся вельмі цікавым і напружаным. З самага пачатку аршанцы імкліва атакавалі. На 14-й хвіліне іх найлепшы бамбардзір Данііл Сянчыла выскачыў на аператыўны прастор і тэхнічна перакінуў мяч праз варатара — 0:1.
Пастаўчане адказалі некалькімі небяспечнымі камбінацыямі. Але, на жаль, з трох метраў паўабаронца Мікіта Давідоўскі прабіў у перакладзіну. Праз пару хвілін яго калега па амплуа Яўген Ясюковіч стрэліў па пазіцыі галкіпера. Сапернік на 29-й хвіліне пакараў нашых за такое марнатраўства: на дабіванні ў варатарскай пляцоўцы вызначыўся Аляксей Хомчанка — 0:2. Акрыленыя аршанцы напрыканцы тайма маглі правесці трэці мяч, але іх заключным ударам не хапала дакладнасці.
Пасля перапынку яны вялікімі сіламі пайшлі наперад. Нашы справіліся з націскам, зайгралі з пазіцыі сілы. Барацьба абвастрылася, а гледачы павесялелі, калі ў вароты ФСК «Орша» на 69-й хвіліне прызначылі пенальці за гульню рукой. Штрафны 11-метровы ўдар па-майстэрску рэалізаваў апорны паўабаронца пастаўчан Аляксандр Звяруга — 1:2.
Заключныя 15 хвілін барацьбы атрымаліся вельмі напружанымі. Аршанцы маглі павялічыць перавагу, але на 89-й хвіліне іх абаронца недарэчна памыліўся, збіў у штрафной цэнтрфорварда Германа Чаляя. Прызначаны пенальці паўторна тэхнічна прабіў Аляксандр Звяруга, і лік на табло стаў 2:2. З апошніх сіл каманды змагаліся за перамогу, бо гулялі яшчэ 7 дадатковых хвілін.
Баявой нічыёй у гульні з аршанцамі дабіліся Бяляўцаў, Маршын (к), Хараў, Голубеў, М. Зелянкевіч, Звяруга, Цыўнель (Кабяк), Давідоўскі (Вілейта), Жылевіч (Курцэвіч), Ясюковіч (Мядзведзеў), Чалей.
Астатнія сустрэчы завяршыліся так: ФК «Міёры»—«Ніва» (Талачын) — 2:0, «Полацк-2019»—ФК «Глыбокае» — 3:0, «Газавік» (Віцебск)—«Гарадскія львы» (Гарадок) — 7:1, ФК «Лепель»—ФК «Сянно» — 1:0. У актыве пастаўчан 19 ачкоў, яны ідуць на 3-м месцы. На чале турнірнай табліцы — віцябчане і міёрцы (па 27 ачкоў). За нашай камандай размяшчаюцца талачынцы, аршанцы (па 15), сенненцы (14), палачане (9), гарадокцы, лепяльчане (па 7), ФК «Глыбокае» — 5.
Наступны матч ФСК правядзе ў Гарадку, а затым дома 30 ліпеня памераецца сіламі з глыбачанамі.
Уладзімір Шык