Актуальный вопрос: Кто должен наводить порядок на кладбище?

Общество

Тэма добраўпарадкавання могілак падымаецца практычна кожнае лета: людзі тэлефануюць і пішуць у рэдакцыю, дыскутуюць наконт таго, хто павінен наводзіць парадак на гэтым святым месцы.

Актуальный вопрос: Кто должен наводить порядок на кладбище?

Нехта, толькі не я

У пачатку чэрвеня ў рэдакцыю прыйшло пісьмо. На канверце ўказаны сталічны адрас і прозвішча аўтара. Ён піша: «Это крик моей души. Живу в Минске более 30 лет. На Троицу (день поминовения усопших) приехал на кладбище в деревню Кукляны, где покоятся мои дед и бабушка. Было очень много приехавших навестить могилы предков. Не могу подобрать слова, чтобы выразить чувства от увиденного: куча мусора при входе, могилы не ухожены, трава неизвестно кем скошена только частично, со стороны леса заросли до половины кладбища, по нужде люди бегают в кусты». Далей аўтар расказвае, што заехаў на камайскія могілкі, пагутарыў з мясцовай жыхаркай, даведаўся, што пра парадак тут клапоціцца ксёндз Яцэк. І паведаміў: «Пишу в машине. Сын ругает. Говорит, что никто ничего делать не будет. Фамилию не указываю. А то будет гонение на моих родственников». Чытала пісьмо, і хацелася спытаць у яго аўтара: «А колькі магіл прыбралі вы, наведаўшыся сюды з сынам, і вашы родныя? І не сваіх бабулі і дзядулі, а проста знаёмых і незнаёмых?»

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грама­дзян і юрыдычных асоб», копія допісу была накіравана ў Камайскі сельскі Савет, на тэрыторыі якога знаходзяцца куклянскія могілкі, і ва УП ЖКГ, якое займаецца вывазам смецця. Хацелі паведаміць пра нашы дзеянні і аўтару. На жаль, пісьмо з Мінска вярнулася з паметкай, што адрас несапраўдны.

Яшчэ адзін зварот у рэдакцыю наконт парадку на могілках паступіў ад жыхаркі Кураполля. Жанчына расказала, што ёй за 70 гадоў. Два гады не была на магіле сваяка, які пахаваны ў Чартах. З-за высокай травы доўга шукала агароджу, за якой побач з бабуляй ён спачывае. Цікавілася, калі Курапольскі сельскі Савет добраўпарадкуе могілкі.

Па рашэнні райвыканкама №1521 ад 23 снежня 2022 года суботнікі на могілках павінны праходзіць два разы на год (вясной і восенню). Тлумачыла жанчыне, што сіламі сельскіх Саветаў траву звычайна скошваюць на прылеглай да могілак тэрыторыі, каля кантэйнерных пляцовак. Смецце з кантэйнераў вывозіць УП ЖКГ па графіку. А добраўпарадкаванне саміх магіл — клопат сваякоў ці знаёмых. Едучы на месца вечнага спачыну родных, варта браць з сабой дзяцей і ўнукаў, расказваць ім пра продкаў, прывучаць да таго, што ў будучым маладому пакаленню прыйдзецца наводзіць парадак на гэтых, а пазней і вашых, пахаваннях.

Актуальный вопрос: Кто должен наводить порядок на кладбище?

Прычыны запусцення розныя

Бываючы на могілках у розных месцах як нашага, так і іншых раёнаў, часта бачу крыж або помнік, агароджу, лавачку, «схаваныя» ў хмызняку ці пустазеллі. Некалі родныя дбалі пра месца вечнага спачыну, збіраліся сюды прыхо­дзіць, сумаваць, прыбі­раць, маліцца. Ды штосьці не склалася: крыж або помнік пахіліўся, агароджа пакасілася і саржавела. Прычыны запусцення розныя: можа, клапатлівыя нашчадкі самі рана адышлі ў веч­насць або пакінулі краіну і не маюць магчымасці сюды прыехаць.

Ведаю многіх, у каго няма магчымасці часта наведваць месцы спачыну родных, але яны карыстаюцца паслугамі тых, хто рэгулярна змяшчае ў раёнцы аб’явы па скошванні травы і добраўпарадкаванні магіл ці просяць пра гэта знаёмых. Мая былая суседка гадоў 20 таму выехала ў Швецыю, а на шурпіцкіх могілках пахаваны яе бацькі. Калі бываю там, не прамінаю падысці — чыста заўсёды: даглядаюць магілы  знаёмыя, якіх дачка папрасіла.

Заўсёды непрыемнае пачуццё напаўняе душу, калі бачу магілы з дарагімі на іх помнікамі, дагледжаныя, а побач — закіданыя смеццем, старымі кветкамі (дакладна ведаю, што прыбраць іх ужо няма каму). Не так складана, прыехаўшы да сваіх памерлых, знайсці крыху часу і абарваць ці скасіць траву на суседніх пахаваннях.

Актуальный вопрос: Кто должен наводить порядок на кладбище?

Культуру нясуць святары

Давялося пабываць на невялічкіх могілках за вёскай Аляхнішкі. Колькі гадоў гэтаму жалобнаму месцу, сказаць цяжка. Свежых пахаванняў тут не было вельмі даўно, на тыя, што ёсць, падобна, прыехаць ужо няма каму. З успамінаў старажылаў ведаю, што некалі на могілках была нават капліца. З часам яна разбурылася. На яе месцы ўстаноўлены вялікі крыж, навокал — ідэальны парадак. І заслуга ў гэтым пробашча камайскага касцёла ксяндза Яцэка Хутмана. Пра яго гаспадарлівасць і асаблівы клопат пра могілкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі парафіі, я ўзгадвала не раз. І як зноў не паставіць у прыклад?

Часта ўспамінаю ксяндза Юзафа Бульку з Мосара. Ён першым паказаў культуру добраўпарадкавання могілак — пераканаў людзей адмовіцца ад агароджаў. Да навядзення парадку прыцягваў як старэйшых парафіян, так і моладзь. Не было падзелу паміж праваслаўнымі і каталіцкімі пахаваннямі. У выніку мосарскія могілкі сталі ўзорнымі.

Па-ранейшаму застаюцца праблемай высокія агароджы на асобных магілах. Успамінаю, як некалі ксяндзы-пробашчы лучайскага касцёла пераконвалі парафіян зняць іх на лучайскіх могілках. Колькі было незадаволеных! Многія доўга не згаджаліся. Урэшце такіх засталіся адзінкі. Могілкі набылі больш сучасны выгляд. Мінулай восенню падчас асвячэння груздаўскіх могілак у дзень Успаміну ўсіх памерлых прасіў зняць тут агароджы ксёндз-дэкан Павел Самсонаў. Але пакуль да просьбы святара прыслухаліся нямногія.

Актуальный вопрос: Кто должен наводить порядок на кладбище?

Аўтарытэтам мясцовай улады

Нядаўна рэдакцыя атрымала адказ з Камайскага сельвыканкама. У ім паведамляецца, што на тэрыторыі сельсавета 46 могілак, у тым ліку стараверскія ў Куклянах, дзе больш за 700 пахаванняў (адно з іх датуецца 1912 годам). Там спачываюць не толькі мясцовыя, але і жыхары суседніх раёнаў: ураджэнцы Куклян, якіх прывезлі і паклалі побач з жонкай, мужам, бацькамі… Цяпер у вёсцы пражываюць толькі тры чалавекі, у суседніх населеных пунктах — каля 10. Калі сельвыканкам арганізуе суботнікі па добраўпарадкаванні могілак, на іх прыходзяць адны і тыя ж 5-7 чалавек. Многія родныя памерлых жывуць у розных гарадах Беларусі, а таксама ў Літве, Латвіі, іншых краінах. З-за абмежаванняў па перасячэнні граніцы ў час пандэміі асобныя магілы, на якіх стаяць метровыя агароджы, пазарасталі. Абкасіць там траву касой праблематычна. Дастукацца з просьбай зняць агароджы не ўдалося. Для жыхароў Латвіі, Літвы, Польшчы ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым. Значыць, у родных пахаваных на куклянскіх могілках ёсць магчымасць наведаць іх і навесці парадак.

У пісьме з сельвыканкама таксама сказана, што некаторыя людзі, прыбіраючы магілы сваіх родных, смецце скідваюць на суседнія. А чаму б, наадварот, не прыбраць і побач закінутыя? Аўтару-ананіму раяць прыяз­джаць на могілкі не толькі госцем, але і ўдзельнічаць у суботніках. Слушная прапанова.

Многія старэйшыны вёсак, дэпутаты сельскіх Саветаў збіра­юць грошы на аплату працы касца, арганізуюць суботнікі. І людзі ахвотна адклікаюцца. Разумею, што ў мясцовай улады няма ні лішніх фінансаў, ні лішніх рабочых рук. І ўсё ж кі­нуць кліч на суботнік, заахвоціць людзей абкасіць магілы не толькі родных, але і суседнія, на якія ўжо няма каму прыехаць, — магчыма. Сваім аўтарытэтам.

У чарговы раз успомню традыцыю былога старшыні Ярэўскага сельскага Савета Паўла Скрыдлеўскага. Ён аб’яўляў суботнікі па меры зарастання могілак, а ў Задзеўі — абавязкова і за тыдзень да фэсту, што ладзіцца ў пачатку жніўня. Падчас іх прыбіралі вакол іх, унутры, а таксама закінутыя магілы. Чым не прыклад для пераймання? Няхай не збярэцца шмат ахвотных, але неабыякавая людзі прыйдуць. І наведзены імі парадак, можа, узварушыць нарэшце сумленне тых, хто бывае тут, у лепшым выпадку, два разы на год — на Радаўніцу і Успамін усіх памерлых.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.