Будслаў — невялікая вёска ў Мядзельскім раёне. А ў ёй — Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай з цудадзейным абразом на галоўным алтары. На працягу больш чым 400 гадоў 2 ліпеня сюды збіраюцца тысячы вернікаў. Шлях пераадольваюць па-рознаму: на аўтамабілях, аўтобусах, веласіпедах, пешшу. Сёлета ў Будслаў прыйшлі 16 арганізаваных пешых пілігрымак: 9 — з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 1 — з Пінскай дыяцэзіі, 6 — з Віцебскай. Усяго 1 862 пілігрымы. Сярод іх 204 — з Пастаў.
Людзі розных узростаў, прафесій тры дні ішлі аўтамабільнымі трасамі і палявымі сцежкамі, з мноствам мазалёў на нагах, іх пякло яркае сонца і паліваў кароткачасовы дожджык. Адмяраючы крокамі кіламетры, пілігрымы дзякавалі Пану Богу за тое, што адарыў іх моцнай верай, што могуць разам маліцца і спяваць, за добрых людзей, якія сустракалі на шляху і гасцінна прымалі. Я пешшу ішла толькі раз чатыры гады таму. Уражанні не забудуцца да канца жыцця. Нялёгка, але вельмі здорава! Малітва і тыя, хто крочыць побач, падтрымлівалі, дзяліліся пачастункамі і сваёй дабрынёй, падбадзёрвалі і надавалі сіл.
На будслаўскі фэст імкнуся трапіць кожны год. Укленчыць перад абразом Маці Божай — гэта як наведацца да любай матулі, якая моўчкі выслухае пра твае недасканаласці і слабасці, сэрцам адчуе твой пякучы боль у грудзях і ласкава прытуліць да сябе, парадуецца як сваёй дачцэ і ні за што не асудзіць, а супакоіць і выпрасіць для цябе ў Хрыста Яго міласэрнасць. Маці Божая для мяне — прыклад нязломнай веры, шчырай малітвы, пакоры і паслухмянасці Богу. У яе вучылася і вучуся пакутаваць моўчкі, ціха несці такі ж боль, які напаўняў і Яе сэрца, калі абдымала крыж, на якім паміраў Яе Сын, і чула Яго апошні ўздых.
Сёлета, заехаўшы задоўга да пачатку Святой Імшы для пілігрымаў, мы дачакаліся пастаўчан і разам з імі ўвайшлі ў Будслаў. «Маці Будслаўская, Маці святая,/Перад Табою галовы схіляем:/Нас да сябе Ты прыгарні,/Ад зла і бед абарані!/Радзімы край абарані!» — гучалі словы песні.
У гэтым годзе ўрачыстасці былі юбілейнымі: 25 гадоў таму кардынал Казімір Свёнтак па распараджэнні Папы Рымскага Яна Паўла ІІ каранаваў цудадзейны будслаўскі абраз Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловай каронай. З гэтай нагоды сёлета на свята завітаў спецыяльны пасланнік Папы Рымскага арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. З 2011 па 2015 год ён служыў у Беларусі Апостальскім нунцыем, быў на будслаўскім фэсце.
На гэты раз прадстаўнік Папы далучыўся да пілігрымаў з Нарачы і пешшу ў суправаджэнні Апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча і мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага ўвайшоў разам з імі ў Будслаў. Падчас Імшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да беларускіх вернікаў з пасланнем ад Папы Францішка, у якім ён запэўнівае, што вельмі любіць беларускі народ, перадае падзяку за захаванне і сведчанне веры, хоча кожнага абняць і ўласнымі вачыма ўбачыць прыгажосць нашага краю, цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.
Для мяне кранальны момант — працэсія перад апоўначчу, калі дзясяткі тысяч вернікаў запальваюць свечкі і ідуць за абразом вакол цэнтральнай плошчы Будслава. Здаецца, нібыта вялізная вогненная рака плыве перад велічным санктуарыем. Вельмі ўрачыста праходзіць начная Святая Імша. А самыя запамінальныя хвіліны ўсё ж праведзены перад абразом Маці Божай Будслаўскай, калі ў засяроджанасці глядзіш у вочы Марыі і, здаецца, адчуваеш Яе пяшчотны позірк і чуеш мацярынскі клапатлівы голас: «Даверся мне і Майму Сыну».
Анна Анішкевіч