З Вільгельмай і Уладзімірам Чаховічамі я пазнаёмілася, калі збірала матэрыялы для рэдакцыйнага праекта «Вёсачка». Аднак перастаралася: іх аказалася зашмат для газетнага разварота. Тым не менш нагода пазнаёміць чытачоў з гэтымі жыхарамі Вярэнек ёсць: паслязаўтра яны адзначаць чарговую, 44-ю, гадавіну шлюбу.
Віля вырасла ў Лынтупах, там скончыла сярэднюю школу. Далей вучобу прадоўжыла ў Рыжскім медыцынскім вучылішчы, выбраўшы прафесію фармацэўта. У Латвіі засталася і працаваць.
— Сумавала па родных, пры кожнай магчымасці наведвалася дадому, — успамінала жанчына. — Летам 1978-га мяне запрасілі на вяселле ў вёску Фалевічы. На ім і пазнаёмілася з Валодзем. Праз год мы з ім ажаніліся.
Уладзімір працаваў ветурачом у калгасе імя Чапаева, і праўленне выдзеліла маладой сям’і спачатку паўдома, а праз паўгода — новы прасторны дом. У ім Вільгельма Казіміраўна і Уладзімір Іванавіч жывуць і зараз. А для свайго адзінага сына Віктара пабудавалі дом у Нарачы.
Уладзімір Чаховіч амаль чатыры дзесяцігоддзі адпрацаваў у калгаснай жывёлагадоўлі — быў заатэхнікам, ветурачом, загадчыкам фермы. Душой хварэў за агульную справу. Выйшаўшы на пенсію, вельмі перажываў, калі гаспадарка з часам стала здаваць пазіцыі, а ў рэшце рэшт абанкруцілася. Ён ніколі не быў раўнадушным чалавекам. І зараз пастаянна цікавіцца справамі ў раёне, хвалюецца за стан сельскай гаспадаркі.
У Казіміраўны была іншая сфера дзейнасці. Выйшаўшы замуж, яна некалькі гадоў ездзіла з Вярэнек на работу ў Пастаўскую цэнтральную аптэку №87. Потым старшыня калгаса прапанаваў узначаліць калектыў мясцовага дзіцячага сада. Згадзілася, хоць і няпроста было перакваліфікавацца.
Зараз у Чаховічаў клопаты такія ж, як і ў іншых вяскоўцаў-пенсіянераў: трымаюць такую-сякую жыўнасць, вырошчваюць садавіну і агародніну, разводзяць кветкі.
— Валодзя іншы раз сярдуе, што я занадта захапляюся кветкамі, — прызналася гаспадыня. — Але дапамагае іх паліваць, любуецца, калі расцвітаюць.
— А хто першым саступае, калі паспрачаецеся? — развіваю тэму сямейных узаемаадносін.
— Напэўна, няма такой сям’і, у якой не ўзнікалі б спрэчкі, непаразуменні, — гаварыла Казіміраўна. — І ў нас яны здараюцца. Абое гарачыя, можам лішнім словам перакінуцца. Але не затойваем крыўду, хутка ідзём на прымірэнне. І сына вучылі даражыць сям’ёй.
А зараз радуюцца, што ў Віктара ўсё складваецца добра, сардэчна ставяцца да нявесткі, песцяць унукаў. Жэню ўжо 20. Скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж, працуе ў Мінску на «Мапідзе». Мацвей перайшоў у 7 клас. Абодва музыкальныя. Старэйшы грае на гітары, малодшы — на акардэоне, гэтым летам нават выступаў у складзе групы на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік».
— Што да 44-й гадавіны шлюбу, то дзеці і ўнукі абавязкова павіншуюць нас, — гаварыла Вільгельма Казіміраўна. — А мы накрыем святочны стол, успомнім за ім усё добрае, што было ў жыцці, і загадаем, каб у добрым здароўі сустрэць чарговую гадавіну.
А там і да залатога вяселля недалёка…
Фаіна Касаткіна