Усе дарогі вядуць да гісторыі
Едзем на веласіпедзе па «Залатым коле» Камайшчыны
Чым цікавы турыстам гэты самабытны куток пастаўскага краю? Многія, адказваючы на дадзенае пытанне, узгадаюць унікальны камайскі касцёл абарончага дойлідства, пабудаваны ажно 416 гадоў назад, сядзібу мастака Альфрэда Ромера ў Каралінове. І будуць мець рацыю, бо названыя славутасці вядомыя не толькі ў раёне, але і па-за яго межамі.
Аднак ёсць на Камайшчыне і шэраг іншых мясцін — не такіх папулярных, але не менш цікавых. Шмат пра іх можа расказаць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Камайскай СШ Вераніка Ахрановіч, якая разам са сваімі вучнямі распрацавала 45-кіламетровы веласіпедны маршрут пад назвай «Залатое кола Камайшчыны». Пралягае ён праз вёскі Трапшавічы, Мягуны, Субачы, Радуту, Палхуны, Гурніцу, Саранчаны, Схоліна, Лопуці, Лодасі, Лапуны, Гвоздавічы і іншыя. Вандроўка разлічана на дзень. І падчас яе можна…
Палюбавацца возерам і з сумам узгадаць сядзібу
Саранчаны ў многіх жыхароў Пастаўшчыны асацыіруюцца з маляўнічым возерам, якое знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы. Яно «перажыло» нямала гістарычных падзей. Для пэўных ваенных мэт праз неглыбокае возера нават хацелі пракласці дарогу, але распачатыя работы не былі завершаны.
Недалёка ад возера ёсць два курганы, а ў самой вёсцы — два старажытныя паселішчы. А вось сядзібна-паркавы ансамбль былых уласнікаў гэтых мясцін Канткоўскіх, на жаль, не захаваўся. Вялікі дом з лістоўніцы, пабудаваны ў другой палове XVIII ст. у стылі класіцызму, не захаваўся — быў спалены падчас Другой сусветнай вайны. Хаця яшчэ ў 1938 годзе гэты драўляны палац з амаль 400-гадовай гісторыяй быў прыдатны для пражывання. Пра былую веліч ансамбля сёння нагадваюць рэшткі скляпенняў гаспадарчых пабудоў.
Наведаць 240-гадовую капліцу ў Мягунах
Яе фундатары — паны Чаховічы, якія мелі свой маёнтак паміж азёрамі Вялікія і Малыя Сурвілішкі. У савецкі час капліца знаходзілася ў занядбаным стане, аднак дзякуючы руплівасці ксяндза Яна Шуткевіча і мясцовых жыхароў у 90-я гг. ХХ ст. яна была адноўлена. У 2004-м вернікі ўрачыста адзначылі 220-годдзе з моманту яе ўзвядзення.
Узгадваючы пра Мягуны, нельга не назваць і такі дзіўны факт: у 1615 годзе тут адбылася расправа на вогнішчы з мяркуемай ведзьмай і яе «паплечнікамі».
Спатоліць смагу крынічнай вадой
Пра крыніцу ля былой вёскі Схоліна ведаюць у асноўным мясцовыя жыхары. Знаходзіцца яна за 300 метраў ад яшчэ адной сцёртай з зямлі часам сядзібы — на гэты раз пана Сарокі, які гаспадарыў тут у даваенны час. У месцы выхаду падземнай вады маецца паглыбленне дыяметрам каля 3 метраў і глыбінёй да 0,8 метра. На пясчаным дне б’е моцны грыфон, побач — шмат невялікіх. Вада крыштальна чыстая (гэта пацверджана лабараторна), мае прыемны смак. Не так даўно Вераніка Ахрановіч і яе вучні добраўпарадкавалі гэта маляўнічае месца, устанавілі тут знакі, якія падказваюць турыстам, у які бок ехаць да крыніцы. Яна, дарэчы, адна з самых адметных на Пастаўшчыне і па ўсіх крытэрыях адпавядае помніку прыроды.
Убачыць арыгінальны помнік Першай сусветнай вайны
На ўсходняй ускраіне вёскі Лопуці знаходзіцца пахаванне салдат — ахвяр Вялікай вайны. Верагодна, яно было пры адным са шпіталяў 115-й пяхотнай дывізіі, які ў гады Першай сусветнай знаходзіўся ў в. Лопуці.
У цэнтры могілак стаіць помнік у выглядзе крыжа з суцэльнага каменю. Яго вышыня каля 3,5 метра, у верхняй частцы высечана выява Тэўтонскага ордэна. Па перыметры захаваліся фрагменты невысокай каменнай агароджы, бетонныя слупы. Засталося і некалькі дзясяткаў надмагільных пліт.
Падзівіцца з Вялікага каменя Лодаскага
Ён знаходзіцца прама ў возеры Лодасі і мае ўнушальныя памеры: 3,30 х 3,10 х 1,65 м. Гэта вялізная камлыга важыць каля 24 тон, яна прынесена ледніком са Скандынавіі прыблізна 20-17 тысяч гадоў назад у час паазерскага абледзянення. Яшчэ ў другой палове ХХ ст. камень меў культавае значэнне — яму пакланяліся.
Ёсць на маршруце і іншыя славутасці. Калі вас зацікавіў варыянт такога падарожжа, заходзьце на сайт райгазеты — там у аднайменным матэрыяле ёсць падрабязнае апісанне маршруту.
Па матэрыялах Веранікі Ахрановіч і Ігара Пракаповіча падрыхтавала Іна Сняжкова
Фота з адкрытых крыніц