Участница литобъединения «Світанак» Марина Трушина получила Гран-при Международного фестиваля «Сузорье-2023»

Культура

Усім вядома, што на Пастаўшчыне шмат таленавітых музыкаў і спевакоў, беражліва захоўваюцца і папулярызуюцца народныя музычныя традыцыі. Нездарма і міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» атрымаў у нас пастаянную прапіску. Але не ўсе ведаюць, што, акрамя гэтага, на культурным небасхіле нашага краю ярка гарыць і вабіць да сябе сузор’е «Паэзія». У ім каля двух дзясяткаў зорачак. Гэта ўдзельнікі аматарскага літаратурнага аб’яднання «Світанак» пры Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. Яны розныя па ўзросце і прафесіях, але аднолькава апантаныя творчасцю. Аб’яднанне ўзначальвае адказная, ініцыятыўная, таленавітая Марына Кавалёнак — аўтар чатырох зборнікаў вершаў, фіналіст і дыпламант паэтычных конкурсаў. Маюць свае паэтычныя зборнікі і Вольга Лісіцкая, Наталія Карнілава, Уладзімір Свірковіч.

Жыццё аб’яднання вельмі насычанае. «Світанкаўцы» рыхтуюць да выдання асабістыя і калектыўныя зборнікі, удзельнічаюць у конкурсах, фестывалях, прэзентацыях, выступаюць на святах, сустракаюцца з аднадумцамі з іншых раёнаў. Ахвотна прапануюць свае творы рэдакцыі райгазеты, і ў ёй рэгулярна выходзіць літстаронка. Іншы раз збіраюцца за чаяваннем ва ўтульнай зале цэнтра культуры, чытаюць свае вершы, абмяркоўваюць новыя праекты, дзеляцца навінамі. А якія актыўныя ў іх зносіны ў чаце!

Участница литобъединения «Світанак» Марина Трушина получила Гран-при Международного фестиваля «Сузорье-2023»
Фото с сайта mogomc.by

Напрыканцы мая ўдзельніца літаратурнага аб’яднання Марына Трушына стала ўладальніцай Гран-пры міжнароднага фестывалю нацыянальных культур Беларусі і Расіі «Сузор’е-2023», які праходзіў у Асіповічах.

— Ганарымся Марынай! — гаварыла кіраўнік літаб’яднання Марына Кавалёнак. — Наша зорачка заслужыла найвышэйшую ўзнагароду фестывалю сваім талентам, працавітасцю, адказнасцю да справы. Віншуем і жадаем новых перамог на паэтычным Алімпе.

А знаходлівая, непаўторная Вольга Лісіцкая гэтай вясной выдатна праявіла сябе ў конкурсе «Паэт-артыст» на фестывалі «Цэнтр Еўропы» ў Полацку.

Сёння ў літаратурна-музычнай вечарыне, якая распачнецца ў 11 гадзін у канцэртнай зале Пастаўскай ДШМ імя Тызенгаўза, прымуць удзел Сафія Скабёлкіна, Святлана Аліхвер, Нэлла Лось, Леакадзія Янцэвіч-Дзевятоўская, Жанна Мышко, Таццяна Куцуха, Лідзія Стрылец, Людміла Малевіч.

Несумненна, што свята народнай музыкі і песні яшчэ больш натхніць нашых творцаў і ў іх сэрцах будуць нараджацца новыя кранальныя паэтычныя радкі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.