Пастаўскі краязнавец Ігар Пракаповіч піша: «Назва вёскі паходзіць ад беларускага сялянскага тэрміна «вярэнька», які мае два значэнні: 1) каробка, сплеценая з лубу, бяросты, лазы для пераноскі прадуктаў і агародніны; 2) ганчарны выраб — маленькая гліняная місачка з увагнутымі беражкамі для кармлення дзяцей. Верагодна, хтосьці з першажыхароў вёскі меў такую мянушку».
Найперш звяртаюцца да старэйшыны
Як і кожны раз, падрыхтоўку чарговага выпуску праекта я пачала са знаёмства са старэйшынам вёскі. Спачатку гутарыла з Алай Аўсюк па тэлефоне, а калі прыехала ў вёску, яна стала маім гідам — дасведчаным і зацікаўленым. Прызнаюся: супрацоўнічаць са старэйшынамі — адно задавальненне. Адчуваецца, што яны надзейныя памочнікі мясцовай улады. Пра тое, што Ала Леапольдаўна выдатна спраўляецца са сваімі грамадскімі абавязкамі, сведчыць такі факт: у мінулым годзе яна стала лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
З 2000 года Ала Аўсюк загадвае мясцовай бібліятэкай, добра ведае людзей, цесна кантактуе з імі. Ад Вярэнек да Камай, дзе размяшчаецца сельскі Савет, далёка, транспартных зносін няма, а пытанняў у вяскоўцаў узнікае нямала. Вырашаць іх дапамагае старэйшына.
— З чым толькі да мяне не звяртаюцца! — гаварыла жанчына. — Стаць на чаргу і атрымаць паліва, адрамантаваць вуліцу (у вёсцы іх пяць: Цэнтральная, Лясная, Школьная, Садовая, Нарачанская — і аднайменны завулак), наладзіць электраасвятленне, атрымаць у сельскім Савеце даведку і нават дапамагчы ўрэгуляваць сямейны канфлікт. Займаюся перапісам насельніцтва і жывёлы, узначальвала ўчастковую выбарчую камісію. Адным словам, клопатаў хапае.
Зразумела, што Вярэнькі пастарэлі і апусцелі. У мінулым вёска была цэнтрам калгаса, жыццё тут віравала. Пасля банкруцтва гаспадаркі некаторым жыхарам давялося шукаць іншыя месцы работы. Многія і да гэтага знайшлі сабе справу ў нарачанскіх санаторыях або ў іншых арганізацыях суседняга, Мядзельскага раёна. У вёсцы яшчэ шмат жыхароў — 186, у тым ліку 116 дарослых, 23 дзіцяці, 47 пенсіянераў. Ёсць магазін, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка. У райцэнтр, да якога 18 кіламетраў шашы, два разы на тыдзень ходзіць рэйсавы аўтобус.
Ала Аўсюк вельмі цёпла гаварыла пра сваіх аднавяскоўцаў. Шмат гадоў плённа адпрацавалі ў калгасе Эдмунд Навумчык, Алімпія Крыванос, Ганна Каравацкая, Уладзімір Чаховіч, Лідзія Жалубоўская, Малгажата Роліч, Ганна і Валерый Варнелы і іншыя. А як шкадавала, што сёлетняй вясной па стане здароўя пакінулі дом у вёсцы і пераехалі ў Паставы Марыя і Раман Пупкевічы. У свой час абое працавалі ў мясцовым клубе і бібліятэцы. Колькі цікавых мерапрыемстваў правялі, як умелі арганізаваць людзей!
Адчувалася: старэйшына паважліва ставіцца да кожнага, і ёй хацелася, каб як найбольш вярэнькаўцаў прафігурыравала ў праекце. На жаль, газетная плошча абмежаваная…
Дзяржаўны клопат
У вёсцы каля паўсотні пенсіянераў. У адных яшчэ ёсць сілы ўпраўляцца з хатнімі справамі, гаспадаркай, у другіх недалёка жывуць дзеці, на дапамогу якіх можна разлічваць, над трэцімі апякуецца сацыяльная служба.
Святлана Кароткіна засталася адна. Яе муж памёр, сын жыве ў Расіі. У Вярэнькі сям’я пераехала ў 1990 годзе з чарнобыльскай зоны, і тут няма ніякай радні. Жанчына не мае здароўя — вельмі баляць ногі. Тое, што пад сілу, робіць: садзіць невялічкі агарод, даглядае кветкі. А вось схадзіць у магазін па прадукты або на ФАП па лякарства, нанесці дроў, зімой расчысціць дарожкі ад снегу ды іншае — гэта ўжо клопат сацыяльнага работніка Святланы Клянцэвіч. Жанчына задаволеная сваёй памочніцай, заўсёды з радасцю чакае яе.
А сама Святлана дзялілася: «Мне падабаецца дапамагаць пажылым, знаходжу агульную мову з імі. Акрамя Святланы Кароткінай, абслугоўваю Марыю Рэдзьку і Аляксандра Пракопа, Віналія Роліча і Зінаіду Грыбоўскую, Аляксандра і Таццяну Грыбоўскіх. Стараюся кожнаму дапамагчы».
Што ні кажыце, а вялікая справа, калі пажылыя людзі атрымліваюць ад дзяржавы не толькі пенсію, але і дапамогу сацыяльнай службы.
Кожны год – новы гатунак
І не адзін, а некалькі. Гэта стала правілам для Ганны Варнелы. Што не дзіўна: жанчына мае агранамічную адукацыю, шмат гадоў адпрацавала ў калгасе начальнікам вытворчага ўчастка, а выйшаўшы на пенсію, захапілася агародніцтвам. У статусе пенсіянера і муж Валерый, былы механізатар. Зрэшты, з тэхнікай ён не расстаўся: працуе на ўласным трактарку ў сваіх уладаннях.
Прысядзібны ўчастак Варнелаў інакш як паказальным не назавеш — тут усё ідэальна. А якой насычанай зелянінай буяюць градкі! Ужо і першы ўражай ёсць. Не толькі клубніц, але і агуркоў, нават памідораў. «Магчыма, у вас цяпліцы з падагрэвам?» — не перастаю здзіўляцца гэтаму. «Не, — адказвае гаспадыня. — Але я вельмі рана — 15 лютага — сею расаду і адводжу пад яе цэлы пакой. А 12 красавіка перанесла ў парнік, прыкрыла спанбондам, і раслінкі не змерзлі».
Што да гатункаў, то толькі памідораў іх у Варнелаў ажно 65.
Пакінуў прыгожую памяць
Хто б ні праходзіў ля дома Тэрэсы Цяляк, залюбуецца дваром, аздобленым арыгінальнымі і прыгожымі малымі архітэктурнымі формамі. Угаворваю гаспадыню папазіраваць для здымка ў газету, а яна ледзьве стрымлівае слёзы.
— Гэта муж пакінуў такую прыгожую памяць, — гаварыла. — Яго не стала ў лістападзе мінулага года. Калі Ваню скасіў інсульт, я адразу звольнілася з работы ў санаторыі, каб даглядаць яго. Але пражыў толькі месяц. Якой жа цяжкай і доўгай была для мяне зіма! Усяго праз тры дамы адсюль жыве сын з сям’ёй, у Нарачы — замужняя дачка. Да мяне хінуцца і дзеці, і ўнукі, але Ваню не заменіць ніхто. У яго былі залатыя рукі: што ні прыдумаем — зробіць. Шмат дапамагаў зяць. Цяпер стараемся ўсё захаваць.
Дзеці ўгаворвалі Тэрэсу Віктараўну не ісці на работу, а займацца толькі домам, агародам ды кветнікамі. Але яна прыняла прапанову загадчыцы мясцовага дзіцячага садка і папоўніла калектыў гэтай установы.
— На людзях не так маркотна, — гаварыла. — Тым больш калі працуеш дзеля дзяцей.
У сям’і Граблеўскіх – прыбаўленне
Пра прыёмную сям’ю Аліны і Бенядзікта Граблеўскіх наша газета пісала мінулай восенню. Але хіба справядліва было б у гэтым праекце абысціся без яе? Таму я і завітала ў дом, які ў розны час стаў бацькоўскім для 25-і не родных па крыві дзяцей.
— А ў нас прыбаўленне! — прыветна сустрэла Аліна Міхайлаўна. — Два тыдні назад сям’я папоўнілася двума братамі-пагодкамі з Пастаў, якія перайшлі ў 8 і 9 клас. Вельмі добрыя хлопчыкі — ураўнаважаныя, самастойныя. Першыя дні адчувалі сябе скавана, да мяне звярталіся безназоўна. Але хутка пасябравалі з іншымі дзецьмі, сталі называць мяне мамай.
Першую прыёмную дзяўчынку Граблеўскія ўзялі ў сям’ю ў 2006 годзе. Зараз яна ўжо навучэнка Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Знайшлі сваю дарогу ў жыцці і іншыя дзеці, якія выраслі пад цёплым крылом прыёмных бацькоў. А цяпер пры іх — шасцёра. І на ўсіх хапае любові.
Застаецца дадаць, што Граблеўскія выхавалі чатырох родных дзяцей, маюць ад іх сямёра ўнукаў і праўнучку.
Вабіць бібліятэка
З Алінай Дунец і Малгажатай Роліч я сустрэлася ў бібліятэцы: жанчыны прыйшлі абмяняць кнігі. Разгаварыліся. Аліна Альбертаўна ўзгадала, што ў свой час жыла ў Эстоніі, Літве. У 1997 годзе пераехала ў родныя мясціны. Малгажата Міхайлаўна 44 гады адпрацавала ў мясцовым калгасе, была галоўным бухгалтарам. Яна і на пенсіі не застаецца без справы — знайшла сабе прымяненне ў дзіцячым садку.
— Бібліятэка — адзіны астравок культуры ў вёсцы, — гаварылі жанчыны. — Мы прыходзім сюды не толькі па кнігі ды часопісы, але і каб сустрэцца, паўдзельнічаць у мерапрыемствах ці проста пагаварыць пра надзённае.
Як патлумачыла загадчыца ўстановы Ала Аўсюк, паслугамі бібліятэкі штогод карыстаюцца каля 260 чалавек. Гэта жыхары як Вярэнек, так і навакольных вёсак. Кніжны фонд — 7 357 экзэмпляраў. Пры бібліятэцы працуе жаночы клуб «Святліца», тут таксама праводзяцца духоўныя сустрэчы з удзелам святара, іншыя мерапрыемствы не толькі для дзяцей, але і для дарослых, ладзяцца выставы.
Садок маленькі і ўтульны
Самае ўтульнае месца ў вёсцы — дзіцячы садок. І само памяшканне, і тэрыторыя ля яго абуладкаваныя ярка, прыгожа.
— Нават такому маленькаму садку, як наш, аддзел па адукацыі райвыканкама ўдзяляе вялікую ўвагу, — гаварыла загадчыца дашкольнай установы Ала Лапун. — Вось і нядаўна выдзелілі другі камп’ютар, прынтар, электрамясарубку. Немалаважна і тое, што ў нас зладжаны калектыў, усе клапоцяцца пра тое, каб дзеткам было камфортна.
Садок наведваюць 8 малых. Чакаецца прыбаўленне: у вёску вярнулася сям’я з дваімі дзеткамі, якія таксама будуць яго наведваць. Тут малыя прывыкаюць да рэжыму дня, вучацца самастойнасці і зносінам са сваімі равеснікамі, займаюцца цікавымі гульнямі, маляваннем, спяваюць і танцуюць, рыхтуюцца да вучобы ў школе. Як бы ні стараліся бацькі, а дома яны не змогуць забяспечыць такую разнастайнасць заняткаў і сацыяльных навыкаў, як у садку.
Калі не спіцца…
— І што ты думаеш? Я і гэту ноч не спала. А ты карэспандэнта прывяла да мяне, старой. Хіба я ёй патрэбная? — выгаворвала старэйшыне 88-гадовая Ганна Каравацкая.
Патрэбная! Не толькі паважаю, але і люблю пажылых людзей. У іх столькі жыццёвага вопыту і мудрасці!
…Ганна выйшла замуж у Вярэнькі за ўдаўца, на руках якога засталася васьмігадовая дачушка, і стала для яе мамай. Потым у сям’і нарадзіўся сын. «Выгадавалі з мужам дзяцей, Тэсю замуж выдалі, сына ажанілі, — расказвала жанчына. — Я і цяпер іх пры сабе трымаю. І сын, і дачка жывуць у Вярэньках, Тэся зусім блізенька. Ледзь не штодня да мяне заглядвае. Прынясе якую-небудзь страву, прыбярэ ў пакоях» (у доме — ідэальная чысціня — аўт.).
— Ганна Аўгусцінаўна, а ўспомніце, як працавалі ў калгасе, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, — просіць бабулю старэйшына.
— Працавалі цяжка. Я была паляводам. Садзілі буракі, кузіку, нарыхтоўвалі сена, звозілі салому, рвалі лён, а пасля вылежкі сартавалі трасту. Хапала работы ў калгасе і дома, але адпачывалі весела. У нас была добрая мастацкая самадзейнасць. Я любіла танцаваць і спяваць. Выступалі з канцэртамі не толькі ў Вярэньках, але і ў Паставах, аб’ездзілі шмат вёсак.
Усё засталося ў мінулым. 12 гадоў таму Ганна Аўгусцінаўна аўдавела. Мае вялікія праблемы са зрокам, вельмі баляць ногі, знясільвае бяссонне. Бывае, усю ноч ходзіць па хаце, углядаецца ў вокны. Але паблізу — пустыя хаты. Толькі ва ўспамінах паўстае зусім іншая вёска.
Фаіна Касаткіна