У мінулую нядзелю ў г.п. Лёзна адбылося 14-е абласное свята-конкурс самадзейных паэтаў і кампазітараў «Песні сунічных бароў», прысвечанае Году міру і стваральнай працы. У ім прынялі ўдзел каля 100 творцаў з 16 раёнаў Віцебскай вобласці і Смаленшчыны. Іх ацэньвала кампетэнтнае журы на чале з намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення культуры Алегам Агеевым.
— Нас таксама запрасілі на свята, і мы ахвотна паехалі. Тым больш што аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама выдзеліў транспарт, — расказвала кіраўнік аматарскага літаратурнага аб’яднання «Світанак» пры Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Марына Кавалёнак. — Як было не скарыстацца магчымасцю прэзентаваць аб’яднанне на абласным узроўні? І гэта ў нас вельмі добра атрымалася. У ліку 10 літаратурных пляцовак была і наша. Пастараліся змястоўна аформіць яе, нават сцяг Пастаў развяваўся. Расказвалі пра дзейнасць «Світанка», дэманстравалі свае зборнікі, чыталі вершы, раздавалі сувеніры.
Журы высока ацаніла творчасць пастаўчан. Марына Трушына адзначана дыпломам II ступені ў намінацыі «Найлепшы паэт», Уладзімір Свірковіч — за ўдзел у конкурсе. Трэці дыплом — за прэзентацыю пляцоўкі літаб’яднання, у якой разам з іншымі канкурсантамі ўдзельнічалі Таццяна Куцуха і Марына Кавалёнак.
— Летам крыху перадыхнём, а з верасня пачнём рыхтавацца да новых конкурсаў, — дзялілася планамі кіраўнік аматарскага літаб’яднання. — У Лёзна мы паехалі ўчатырох, а ўсяго нас 22. Зможам многае!
Фаіна Касаткіна