Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Псаваць маёмасць – сабе даражэй
Сцены жылых дамоў, дзверы пад’ездаў, аўтобусныя прыпынкі — дзе толькі не ўбачыш у нашым горадзе рэкламныя лістоўкі. Адны заклікаюць заказаць паслугі ці зрабіць пакупкі, іншыя ўтрымліваюць просьбы дапамагчы знайсці любімых гадаванцаў, якія згубіліся. У пад’ездах і на прыпынках нярэдка можна сустрэць і розныя надпісы ў выглядзе набору нейкіх сімвалаў, літар, лічбаў ці слоў.
Тыя, хто расклейвае аб’явы ў неўстаноўленых месцах або пакідае сваё «мастацтва», не толькі псуюць выгляд райцэнтра і дабаўляюць работы прадстаўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якім рэгулярна даводзіцца ўсё гэта здымаць і зафарбоўваць, але і прычыняюць матэрыяльны ўрон раённаму бюджэту. І, канешне ж, парушаюць закон. Пра тое, якая адказнасць прадугледжана за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, расказвае старшы ўчастковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Уладзімір Ахрановіч:
— Несанкцыянаваная рэклама і нанясенне розных надпісаў з’яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем або крымінальным злачынствам. Мяжа паміж імі вельмі тонкая. Напрыклад, калі нейкі надпіс выклікаў шырокі грамадскі рэзананс ці аказаўся вельмі вялікім па памеры і тым самым прычыніў сур’ёзны матэрыяльны ўрон, наступае крымінальная адказнасць па арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь. Апаганенне будынкаў цынічнымі надпісамі ці выявамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах караюцца грамадскімі работамі, штрафам альбо арыштам на тэрмін да 3 месяцаў. Размяшчэнне аб’яў або лістовак у неўстаноўленых месцах кваліфікуецца як парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў (ч. 2 арт. 22.10 КаАП Рэспублікі Беларусь) і цягне за сабой штраф у памеры да 25 базавых велічынь.
Штогод у РАУС рэгіструецца некалькі паведамленняў пра пашкоджанне агароджаў, вокнаў, аўтамабіляў і інш. Хуліганаў затрымліваем, і яны пакрываюць прычынены ўрон. Такія правапарушэнні здзяйсняюць як дарослыя, так і непаўналетнія, за якіх даводзіцца адказваць бацькам. У адпаведнасці з арт. 11.3 КаАП, наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, якое прывяло да прычынення нязначнага ўрону, караецца штрафам у памеры да 30 базавых велічынь. Калі дзеянні асобы парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый ці спакой грамадзян і дэманструюць яўную непавагу да грамадства, яны будуць кваліфікаваны як дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП). За гэта можна атрымаць штраф ад 2 да 30 базавых велічынь або грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт.
Падрыхтавала Алена Шапавалава