Гісторыя – у «лічбе»
Дунілавічы немцы занялі 4 ліпеня 1941 года. Фашысты чынілі масавыя рэпрэсіі і тэрор супраць мірных жыхароў. Правёўшы перапіс насельніцтва, яўрэям, якіх тады налічвалася больш за 700 чалавек, забаранілі пакідаць свае дамы, разабралі іх маёмасць. У пачатку 1942-га, рэалізуючы праграму знішчэння яўрэйскага народа, людзей сагналі ў закрытае гета па вуліцы Альцоўскай. Вопратку на спіне і грудзях пазначылі шасціканцовай жоўтай зоркай. З вязняў здзекаваліся, прымушалі цяжка працаваць. Ноччу 21 лістапада 1942 года з Глыбокага на 4 машынах прыехалі 35 нямецкіх карнікаў, якія з кулямётаў расстрэльвалі палонных. Затым будынак гета аблілі бензінам і падпалілі, унутр кідалі ручныя гранаты. У той дзень загінула 828 чалавек.
Пасля вайны ў Дунілавічы з фронту вярнуўся толькі адзін яўрэй па прозвішчы Рудэрман. За свае сродкі ён устанавіў помнік загінулым землякам. Пазней Рудэрман выехаў у ЗША. Калі Беларусь стала незалежнай, ён некалькі разоў прыязджаў у Дунілавічы разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі. У пачатку 2000-х помнік быў абноўлены за ахвяраванні землякоў і нашчадкаў дунілавіцкіх яўрэяў, якія жылі ў Ізраілі, Германіі, Амерыцы. У 2015-м манумент добраўпарадкавалі за кошт дзяржавы.
22 чэрвеня сюды прыйшлі вучні мясцовай школы. Выконваючая абавязкі старшыні Дунілавіцкага сельскага Савета Таццяна Вайткевіч расказала ім пра тыя страты, якія панеслі Беларусь і Пастаўшчына за гады Вялікай Айчыннай вайны. А каб праўдзівая гісторыя магла перадавацца з пакалення ў пакаленне, каля помніка ахвярам гета была ўстаноўлена таблічка з QR-кодам.