1 чэрвеня дзіцячы прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна наведалі члены мінскага мотаклуба The one chapter Belarus.
Міжнародны дзень абароны дзяцей, які адзначаўся ў чацвер, — гэта дзень увагі і яркіх падзей для ўсіх без выключэння хлопчыкаў і дзяўчынак, што пражываюць у Беларусі. Для выхаванцаў прытулку СПЦ такой падзеяй стаў прыезд сталічных байкераў. Гасцей тут чакалі з нецярпеннем: не кожны дзень убачыш моцных мужчын на крутых Harley-Davidson! І падрыхтаваліся адпаведным чынам: як толькі ў двор гімназіі заехалі члены клуба The one chapter Belarus, з’явіліся перад імі не менш эфектна — на сваіх байках — веласіпедах і самакатах. Прывітаўшы адно аднаго, прадстаўнікі дзіцячага аматарскага клуба падарылі старэйшым «калегам» сэрцайкі з назвай установы, у якой знаходзяцца. А затым за руку з імі адправіліся ў актавую залу Сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дзе прадэманстравалі свае таленты і расказалі, кім бачаць сябе ў будучыні, калі вырастуць.
Байкеры таксама прыехалі ў Паставы не з пустымі рукамі, з сабой прывезлі цацкі, ласункі, разумныя гадзіннікі персанальна кожнаму дзіцяці, а для ўстановы — вялізны тэлевізар. Уручаючы падарункі, яны пажадалі выхаванцам прытулку памятаць простую ісціну: трэба заўсёды верыць у дабро, і тады ў іх усё будзе добра.
Працягам свята для дзяцей стала гульнявая праграма з роставымі лялькамі ў двары СПЦ. Да яе з задавальненнем далучыліся байкеры пасля экскурсіі па цэнтры, якую правяла яго дырэктар Наталля Селіванава. Затым усе разам пілі чай і каву з рознымі прысмакамі ў прыгожым вулічным шатры, фатаграфаваліся каля байкаў. Не толькі хлопчыкам, але і дзяўчынкам прынесла нямала радасці магчымасць пасядзець за рулём магутнай мотатэхнікі, прымераць байкерскі шлем і паслухаць гул матораў. Я тым часам змагла пагутарыць з дырэктарам мотаклуба Яўгеніем Бейзакам.
— Наш клуб існуе з 2015 года і аб’ядноўвае 11 чалавек, — расказваў ён. — Гэта яркія прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, улюбёныя ў матацыклы і родную Беларусь. Знаёмыя мы яшчэ больш гадоў, чым клубу, і гэтак жа даўно займаемся дабрачыннасцю. Штогод у Міжнародны дзень абароны дзяцей наведваем якісьці дзіцячы дом ці прытулак рэспублікі і прывозім падарункі, купленыя за ўласныя сродкі. Але, як не раз пераконваліся падчас такіх вось візітаў, не падарункі галоўнае для дзяцей. Найважнейшая — увага, разуменне таго, што яны камусьці патрэбныя, пра іх не забываюць. Менавіта гэта і рухае намі.
У Паставы байкеры The one chapter Belarus прыехалі ўжо ў другі раз і паабяцалі яшчэ вярнуцца.
Алена Шапавалава