Маладзёжныя лідары заўсёды наперадзе
Першы і другі сакратары райкама БРСМ Анастасія Пятрова і Таццяна Вішнеўская, старшыня раённага Маладзёжнага парламента Юлія Касцюк і сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ 1-га ваеннага шпіталя Максім Шпетны нядаўна сабраліся, каб абмеркаваць удзел моладзі ў раённых мерапрыемствах, прысвечаных пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама склад зборнай каманды раёна ў маладзёжны беларуска-расійскі адукацыйна-патрыятычны лагер «Курган-2023».
Ён пройдзе 1—2 ліпеня ў Верхнядзвінскім раёне на мяжы трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Латвіі — і будзе прысвечаны Году міру і стваральнай працы. Арганізатары лагера — галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, абласны ваенны камісарыят, ГА «БРСМ», адміністрацыя Пскоўскай вобласці і Расійскі саюз моладзі — распрацавалі цікавую праграму.
— Нам з вамі трэба падабраць каманду ў складзе 15 ініцыятыўных, крэатыўных, спартыўных маладых людзей, якім давядзецца прэзентаваць лагер пастаўчан, удзельнічаць у розных конкурсах, інтэлектуальных гульнях, спартыўных спаборніцтвах, — паставіла задачы Анастасія Пятрова.
Сярод актывістаў, занятых у падрыхтоўцы тэматычных мерапрыемстваў, і члены Маладзёжнага парламента, які ўзначальвае настаўніца СШ №1 Юлія Касцюк.
— У складзе парламента, што дзейнічае пры раённым Савеце дэпутатаў, 11 навучэнцаў школ і 11 прадстаўнікоў рабочай моладзі, — расказвала Юлія. — Гэта своеасаблівы механізм супрацоўніцтва дзяцей, моладзі і дарослых. Юнакі і дзяўчаты імкнуцца быць карыснымі грамадству, бачаць праблемы людзей, шукаюць магчымасці дапамагчы іх вырашыць.
Члены Маладзёжнага парламента прымаюць непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў раёне, садзейнічаюць развіццю ініцыятыў, арганізатарскіх і лідарскіх здольнасцей маладых людзей, займаюцца выхаваннем падлеткаў, прапагандуюць здаровы лад жыцця, выступаюць ініцыятарамі розных акцый, ствараюць патрыятычныя праекты. Разам з райкамам БРСМ праводзяць сумесныя мерапрыемствы, стараюцца прыцягнуць да іх удзелу як мага больш таленавітай моладзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. А маладзёжныя лідары — заўсёды наперадзе.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара