Забаўлялі, частавалі і здзіўлялі на аглядзе-конкурсе сельскіх падворкаў «Пастаўшчына – гасцінны край».
Сёлета агляд-конкурс прысвячаўся Году міру і стваральнай працы і стаў адным з самых яркіх фестывальных мерапрыемстваў, сабраўшы на «вясковай вуліцы» на плошчы Леніна шмат пастаўчан і гасцей горада.
Кіраўнікі сельскіх Саветаў разам з работнікамі культуры пастараліся найлепшым чынам прадставіць той куточак раёна, дзе жывуць і працуюць. Гэта было бачна ўжо па афармленні падворкаў. Плятні з веснічкамі і «высаджанымі» каля іх кветкамі, вышываныя ручнікі і абрусы, вязаныя і саматканыя посцілкі і дарожкі, фотавыставы адметных мясцін і выставы работ майстроў народнай творчасці на тэрыторыях, цікавыя фотазоны… Юнькаўцы ў дапамогу сабе прывезлі шматдзетную сям’ю Лысковых, у якой падрастаюць пяцёра хлопчыкаў і дзяўчынак, а іх мама Алена Аляксандраўна ўзнагароджана ордэнам Маці. Ярэўцы, камайцы, навасёлкаўцы і курапольцы — школьнікаў, якія спяваюць і танцуюць пры дамах і цэнтры культуры. Валкоўцы — найстарэйшага музыканта сельсавета Мікалая Салаўёва, які пражывае ў вёсцы Гайдукі і якому 78 гадоў.
Увогуле, музыка і песні ліліся з кожнага падворка, вабячы гасцей. Але найбольш прыцягвалі багата накрытыя сталы. Чаго на іх толькі не было! Дамашнія каўбаса, мяса, рулеты, сыр, бліны розных відаў, рыба, наварыстая юшка, усемагчымыя пірагі, вафлі, пячэнне… А ў дадатак — хатні квас, бярозавік і яшчэ штосьці мацнейшае. Пры гэтым галоўнай стравай на ўсіх сталах былі клёцкі — з мясам, шкваркамі, яйкамі, тварагом, сырам, грыбамі, рыбай і нават кабачкамі.
Сёлета ўпершыню на фестывалі ў рамках агляду-конкурсу ладзілася «Свята клёцак», якія да гэтага часу гатуюць на Пастаўшчыне па даўнейшых рэцэптах. У кожнай мясцовасці свой рэцэпт. Які менавіта — расказалі гаспадыні на пляцоўцы перад кінатэатрам. І не проста расказалі, а пачаставалі фірменнымі клёцкамі гледачоў. Прапаноўвалі пакаштаваць іх і членам журы, якія абыходзілі падворкі. Акрамя пачастункаў, гаспадары падрыхтавалі тэматычныя праграмы з песнямі, танцамі, тэатралізацыяй, віктарынамі і бяспройгрышнай латарэяй. Падчас творчых прэзентацый яны апавядалі пра тое, чым славяцца іх сельсаветы.
На падвядзенні вынікаў дыпломы і каштоўныя падарункі атрымалі ўсе сельскія Саветы. Навасёлкаўцы адзначаны за найлепшае прадстаўленне дасягненняў сельсавета, дунілаўцы — за захаванне народных традыцый. Самым гасцінным падворкам прызнаны курапольскі, самым творчым — валкоўскі, самым музыкальным — варапаеўскі. Найлепшую тэматычную праграму, па меркаванні журы, падрыхтавалі лынтупчане, а найлепшую прэзентацыю стравы нацыянальнай кухні «Клёцкі з душамі» зрабілі камайцы. Што да ўладальнікаў прызавых месцаў, то дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Ярэўскі сельскі Савет, дыпломам ІІ ступені — Юнькаўскі. Ну а дыплом І ступені і галоўны прыз ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» дастаўся Казлоўшчынскаму сельскаму Савету.
Алена Шапавалава