22 июня 1941 года фашистская Германия вероломно напала на Советский Союз

Главное История

22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія вераломна напала на Савецкі Саюз. Пачалася самая крывавая і жудасная ў гісторыі чалавецтва вайна. У яе полымі загінулі мільёны нашых суайчыннікаў, былі разбураны гарады і знішчаны вёскі.

82 гады мінулі з таго трагічнага дня. Але ён, як і ўсе па­дзеі Вялікай Айчыннай, ніколі не сатрэцца з памяці тых, хто перажыў жудасную навалу. А праўда пра ваеннае ліхалецце перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вось і для Марыі Казловіч з вёскі Сяргеевічы Дунілавіцкага сельсавета 22 чэрвеня з’яўляецца самай сумнай датай, а 9 Мая — Дзень Перамогі — найбольшым святам.

Вось што ўспамінае жанчына (на пачатак вайны ёй было 9 гадоў, сям’я жыла ў вёсцы Навасёлкі Дунілавіцкага сельсавета):

— Кастрычніцкім днём 1943-га немцы пагналі ўсіх жыхароў Навасёлак у Канстанцінаў Двор, што непадалёк Глыбокага. Пратрымалі пад кулямётам двое сутак на выгане. Маладзейшых адабралі на адпраўку ў Германію. Астатніх накіравалі далей — у бок Беразвечча, не іначай як на расстрэл. Аднак па дарозе калону спынілі высокія нямецкія чыны і, відаць, змянілі загад — нас павярнулі назад. Але вяртацца ў сваю вёску не дазволілі: лічылі, што там мы зможам дапамагаць партызанам. Загадалі заставацца ў Квачах і Карабах. Мы і яшчэ дзве сям’і тры тыдні жылі ў аднаго гаспадара ў Квачах, працавалі ў яго. Потым асмеліліся падацца дадому. Вельмі рызыкавалі, бо дазволу ад немцаў на гэта не мелі.

22 июня 1941 года фашистская Германия вероломно напала на Советский Союз

Добра, што пры нас былі карова і конь, на кані і паехалі. Як на бяду, той неўзабаве захварэў на шаленства, і паліцай застрэ­ліў яго. Пазней не расцялілася карова, і яе давялося зарэзаць. Але неяк выжывалі. Людзі тады былі спагадныя, дапамагалі адно аднаму чым маглі. Вось і нам суседская бабуля давала малака, а мой тата дапамагаў ёй з сенам. Ён быў інвалідам, без левай рукі, таму і заставаўся з намі.

Здаровых мужчын у вёсцы не было. Адны ваявалі на фронце ці ў партызанскім атрадзе, другіх акупанты вывезлі ў Германію. Былі і дэзерціры, а хтосьці падаўся ў прыслужнікі да акупантаў. Вось і з нашых Навасёлак адзін брат пайшоў у партызаны, а другі стаў паліцаем.

Людзі нагараваліся. Днём у вёсках гаспадарылі немцы, ноччу прыходзілі партызаны. Не раз даводзілася хавацца ў лесе. І тут аднойчы сутыкнуліся з немцамі. Адзін з іх быў паранены, другі — мёртвы. Немцы загадалі майму тату і дзядзьку выкапаць ля бярозак магілу, у якой і пахавалі забітага. Потым прымусілі мужчын везці параненага і іх рэчы ў Лучай. Па дарозе ўдалося ўцячы.

Адступаючы, акупанты нібы ашалелі: расстрэльвалі людзей, палілі хаты. Жах быў неймаверны. Калі савецкія войскі разам з партызанамі вызвалілі нашу зямлю ад фашысцкай нечысці, усе ўздыхнулі з палёгкай. Але… Было лета, паспелі паземкі. Я з сястрычкай пайшла ў ягады. Асабліва шмат іх было на схілах зарослага бліндажа часоў Першай сусветнай вайны. Сястрычцы ўсяго 3 гады, стамілася. Таму я набрала кубачак ягад, дала ёй і пасадзіла ў цянёк пад сасонку. Сама захапілася зборам ягад. І тут чую, што мая Янінка нешта ўсё гаворыць і гаворыць. Узнімаю галаву — і халадзею са страху: яна сядзіць на каленях у немца, кладзе яму ў рот паземкі, а той горка плача. Схапіла я сястрычку за руку, высыпала немцу ў шапку свае ягады — і бягом з лесу.

Або вось такі выпадак. Усёй сям’ёй жалі жыта на сваім полі непадалёк лесу. Бацькі пайшлі дадому раней — парадкаваць гаспадарку. Я засталася складваць бабкі. Нешта напяваючы (вельмі любіла спяваць), улягаю ў работу. І раптам ля мяне «вырастаюць» два немцы: пажылы і малады. Убачыла — і ад жаху ногі прыраслі да зямлі: яны ж зро­бяць са мной што заўгодна! Штосьці гавораць па-свойму, ды хіба я разумею? Паказалі жэстамі, што хочуць піць і есці. Аддала ўсё, што мне пакінулі бацькі: ваду, агуркі, акрайчык хлеба, кавалачак сыру. Удзяч­ныя, яны дапамаглі мне знесці снапы да бабкі. На развітанне старэйшы пацалаваў мяне ў лоб. Усё роўна баялася: думала, што могуць застрэліць. Я ж ведала, якія зверствы чынілі акупанты, колькі бязвінных загубілі. Але і сярод нелюдзяў трапляліся людзі.

Марыя Віктараўна яшчэ шмат расказвала мне пра падзеі ваеннага часу, сведкай якіх была, гаравала па загінулых аднавяскоўцах. А напрыканцы размовы голас жанчыны прыкметна пацяплеў: успомніўся самы светлы дзень — 9 мая 1945-га. Як жа людзі радаваліся! Выходзілі на вуліцу, абдымаліся, цалаваліся, плакалі. Хто — ад шчасця, што дачакаліся Перамогі і выжылі, хто — з гора, што ніколі не ўбачаць сваіх родных, якія загінулі на палях бою, у фашысцкай няволі або ў родных мясцінах.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.