Ці задумваліся вы, як глухому або нямому чалавеку, для якога самае складанае — камунікацыя, апынуўшыся нечакана ў складанай жыццёвай сітуацыі, выйсці з яе? Цяпер у гэтым дапаможа Цэнтр прыёму—перадачы інфармацыі, які працуе на базе Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх».
У штаце 4 сурдаперакладчыкі. Схема простая: чалавек звяртаецца да аператара праз Skypе, Viber па відэасувязі, з дапамогай SMS-паведамлення. Работнікі цэнтра выслухаюць і ўнікнуць у сутнасць пытання, звяжуцца з адпаведнымі службамі, прымуць усе меры, каб вырашыць праблему. Затым праінфармуюць кліента пра вынік, напрыклад, на які дзень і час заказаны талон да ўрача, калі прыйдзе сантэхнік.
Цэнтр працуе кругласутачна, без выхадных і святочных дзён. Звяртацца трэба: Skype: 9191 – Vitebsk; Viber, WhatsApp: +37525919-10-10; факс: (80212)23-57-29.
Праблема перадачы і атрымання інфармацыі для людзей з парушэннямі слыху і маўлення была дастаткова вострай. Асабліва на перыферыі. Цяпер бясплатныя паслугі Цэнтр аказвае не толькі віцяблянам, але і ўсім жыхарам вобласці. Гэта зробіць больш камфортным жыццё людзей з праблемамі слыху. Сурдаперакладчык, атрымаўшы сігнал, можа выклікаць хуткую, участковага міліцыянера, урача, заказаць талон у паліклініку. Нават калі праблема ўзнікае ноччу, не трэба чакаць раніцы, праз супрацоўніка Цэнтра экстраннай дапамогі можна вырашыць яе неадкладна. Таксама сурдаперакладчыкі дапамогуць у вырашэнні некаторых пытанняў у паліклініцы, магазіне, іншым месцы, калі глуханямы чалавек не можа дамовіцца з кімсьці самастойна. Для гэтага з сабой неабходна мець смартфон або планшэт з відэасувяззю.
Вольга Гінько, загадчыца аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН