Традыцыйна вясной з усіх воінскіх часцей звальняюцца ў запас ваеннаслужачыя, якія адслужылі ўстаноўлены тэрмін. Нядаўна такая падзея адбылася і ў 1-м РТЦ, які размяшчаецца ў Паставах.
Ля прахадной в/ч бачу прыгожую маладую жанчыну з хлопчыкам гадоў 8-10 і не прамінаю пазнаёміцца.
— Я з малодшым сынам Даніілам прыехала з Віцебска, — расказвала Алеся. — Сёння звальняецца ў запас мой старэйшы, Мікіта Гацілаў. Ён архітэктар-дызайнер. Скончыў каледж, паступіў на завочнае аддзяленне Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта — і прызвалі ў армію. Вядома ж, перажывала, але разумела, што кожны юнак павінен прайсці школу мужнасці. Ганаруся сынам, бо адслужыў годна. А сёння ў нас самы шчаслівы дзень!
Яшчэ аднаго салдата, Івана Жызнеўскага, які прызываўся Докшыцкім райваенкаматам, чакаюць мама, цётка і каханая. «У думках усе мы служылі разам з ім, — прызнавалася маці. — Добра, што трапіў у часць у суседнім раёне: неаднаразова наведвалі». Аляксей Басянок — з іншага, таксама суседняга, раёна — Шаркаўшчынскага. «Лёшу прызвалі адразу, як толькі ён скончыў Відзаўскі каледж і яму споўнілася 18, — гаварылі бацькі хлоца. — На першым часе было няпроста прыстасавацца да армейскага жыцця, але паступова ўцягнуўся».
І вось намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце 1-га РТЦ Сяргей Цеплякоў запрашае гасцей на цырымонію праводзін салдат. Наперад шарэнгі ўсяго асабовага складу падраздзялення, што выстраіўся на пляцы, выходзяць віноўнікі ўрачыстасці. Начальнік цэнтра падпалкоўнік Дзмітрый Дзевятоўскі дзякуе юнакам за прыкладную службу, жадае кожнаму знайсці сваё прызванне ў цывільным жыцці і займацца любімай справай. Адзначае, што гэта можа быць і служба па кантракце, заклікае зрабіць выбар на яе карысць. Дарэчы, Віталій Ульянаў, які нядаўна звольніўся з тэрміновай службы ў 1-м РТЦ, афармляецца сюды на звыштэрміновую.
Пасля ўрачыстасці віншую юнакоў з завяршэннем службы і пытаюся, што яна ім дала. Дружна адказваюць: «Прывыклі да новага распарадку дня, сталі цаніць час. Нас многаму навучылі камандзіры. Мы загартаваліся і ўзмужнелі, набылі новых надзейных сяброў. Ды што там сяброў — нібыта братамі сталі».
За плячыма кожнага з іх 547 армейскіх дзён, ад першага — трывожнага і невядомага — да яркага дэмбельскага. А наперадзе — цэлае жыццё. Несумненна, армейская загартоўка паспрыяе таму, што яно будзе насычаным.
Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава