З чым звычайна асацыіруецца канец мая? З яркай зелянінай дрэў і травы, цвіценнем бэзу, сонечным, па-летняму цёплым надвор’ем і, канешне ж, з апошнім званком у школах, які паведамляе пра заканчэнне навучальнага года. Разам з агульнаадукацыйнымі ўстановамі 9-месячны вучэбны марафон завяршаюць і школы мастацтваў. З гэтай нагоды Пастаўская ДШМ імя А. Тызенгаўза па традыцыі ладзіць справаздачны канцэрт.
На працягу навучальнага года настаўнікі і навучэнцы школы далі нямала канцэртаў для пастаўчан. Як правіла, месцам іх правядзення была канцэртная зала па вуліцы Чырвонаармейскай. А вось галоўнае, справаздачнае, выступленне вырашылі правесці ў раённым Доме культуры. 24 мая пад вечар тут сабраліся не толькі дзеці і педагогі, але і бацькі, іншыя родныя маленькіх артыстаў.
Вітаючы іх, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская адзначыла, што гэты навучальны год для ДШМ быў вельмі насычаным, творчым і плённым. Акрамя цудоўных канцэртаў, школа правяла чарговы адкрыты раённы конкурс юных піяністаў «Вясеннія ноткі». Навучэнцы актыўна ўдзельнічалі таксама ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах і фестывалях, сталі іх лаўрэатамі і дыпламантамі.
— Ніводнае свята ў горадзе і раёне не праходзіць без вашага ўдзелу, — гаварыла Галіна Мікалаеўна. — Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць педкалектыву і адміністрацыі навучальнай установы за дапамогу, якую штогод аказваеце ў правядзенні Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», павіншаваць усіх з заканчэннем навучальнага года, а асабліва — выпускнікоў. Упэўненая, што гады, праведзеныя ў школе мастацтваў, назаўсёды застануцца ў вашай памяці.
Настаўнікам Галіна Мікалаеўна пажадала творчасці, натхнення, моцнага здароўя і добрага водпуску, дзецям — вясёлых летніх канікул.
Ну а затым увагу прысутных захапілі навучэнцы — лаўрэаты шматлікіх конкурсаў і фестываляў. З дапамогай педагогаў яны падрыхтавалі і прадставілі дзясяткі нумароў, дэманструючы сваё вакальнае, харэаграфічнае, выканальніцкае майстэрства. Праграма канцэрта была цікавай і разнастайнай. Юныя артысты гралі на розных музычных інструментах, спявалі (як паасобку, так і ў складзе створаных у школе ансамбляў), танцавалі. Кожны нумар заслугоўваў самай высокай адзнакі і пасля заканчэння ўзнагароджваўся гарачымі апладысментамі публікі. Асобных выканаўцаў праводзілі са сцэны воклічамі «брава!».
Былі і іншыя ўзнагароды. Некалькім дзясяткам навучэнцаў дырэктар школы мастацтваў Ганна Цыбулёнак уручыла граматы за ўдалае выступленне ў конкурсах, актыўную канцэртную дзейнасць і выдатную паспяховасць. Настаўнікі атрымалі падзякі за плённую педагагічную працу, а шэраг бацькоў — падзякі за актыўны ўдзел у жыцці школы.
Як заўсёды, апошні званок — гэта развітанне выпускнікоў са сваёй альма-матар. Яно адбылося непасрэдна на справаздачным канцэрце. 33 навучэнцам, якія закончылі Пастаўскую ДШМ імя А. Тызенгаўза, пад гучныя апладысменты прысутных былі ўручаны пасведчанні аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. А ў канцы двое выпускнікоў — Арцём Маргуноў і Марыя Голдава, якія з’яўляюцца салістамі ансамбля «Сугучча» — разам з 6-класніцай Кацярынай Антух выканалі песню «Да пабачэння, школа!». Такім чынам ад імя ўсіх, хто пакідаў сцены школы мастацтваў, падзякавалі за тое, што яна ім дала. Гэта выступленне паставіла кропку ў канцэрце, якая ператварылася ў шматкроп’е для тых навучэнцаў, хто будзе працягваць спасцігаць дзіўны свет музыкі.
Алена Шапавалава