8 мая — Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца
Свой уклад у агульную справу ўносіць і Пастаўская раённая арганізацыя БТЧК на чале з Таццянай Шахавай.
— Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа — не бюджэтная арганізацыя, — расказвала Таццяна Шахава. — Фінансуецца выключна за кошт членскіх узносаў, ахвяраванняў, спонсарскай і дабрачыннай дапамогі. Пажылыя, інваліды, дзеці, якія засталіся без бацькоў ці маюць цяжкія захворванні, мігранты, людзі, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, — вось тыя катэгорыі грамадзян, з якімі працуем. Наша дзейнасць грунтуецца на гуманнасці, нейтральнасці, незалежнасці, адзінстве, міласэрнасці і патрыятызме. Мы заўсёды думаем пра тых, каго напаткала бяда, і стараемся ім бескарыліва дапамагаць, ахвяруем свой час і свае рукі. Вялікую дапамогу арганізацыі ў гэтым аказваюць валанцёры. Іх у нас больш за 70. Гэта людзі рознага ўзросту і прафесій.
Сярод валанцёраў сярэбранага ўзросту Таццяна Шахава адзначыла Людмілу Казакову, Марыю Грыбоўскую, Івана Маслюка, Ніну Торапаву, Тамару Дзеўгуць. Кожны з іх, выйшаўшы на пенсію, не страціў актыўнасці, мае сілы і жаданне дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, Тамара Дзеўгуць доўгі час працавала поварам у грамадскім харчаванні. А цяпер як валанцёр у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН варыць супы, якія затым іншыя валанцёры разносяць бездапаможным, пра каго няма каму паклапаціцца.
Радуе Таццяну Шахаву нераўнадушнасць моладзі. Навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Анастасія Татарчук, Карына Пацэвіч, Анастасія Гарбуль, Данііл Ляшкевіч, Кірыл Волк, Улад Крэміс і Мікалай Гулевіч прайшлі базавы курс па аказанні першай дапамогі, атрымалі адпаведныя сертыфікаты і цяпер сваімі ведамі ахвотна дзеляцца з равеснікамі. Яны таксама аказваюць значную дапамогу пры правядзенні масавых культурных і спартыўных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў райцэнтры.
Валанцёрам быць нялёгка. Выкладвацца маральна і фізічна, ведаючы, што за гэта не атрымаеш ніякай платы, можа не кожны. Раённая арганізацыя БТЧК актыўна супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і цэнтральнай раённай бальніцай, у прыватнасці са спецыялістам па сацыяльнай рабоцеТЦСАН Аксанай Дробышавай і валеолагам ЦРБ Юліяй Дзісько, членамі БРСМ і асабіста першым сакратаром райкама Анастасіяй Пятровай. Ініцыятывы Таццяны Шахавай заўсёды падтрымліваюць раённы выканаўчы камітэт, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённы савет ветэранаў, аддзелы ўнутраных спраў і па адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі. Усе яны ідуць насустрач, дапамагаюць у ажыццяўленні задуманага.
З 8 мая па 1 чэрвеня ў Беларусі праводзіцца месячнік, прысвечаны Сусветнаму дню Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У гэты час раённая арганізацыя БТЧК, яе валанцёры будуць яшчэ больш актыўна наведваць сваіх падапечных, аказваць ім неабходную дапамогу.
Анна Анішкевіч
Фота Іны Сняжковай