У суботу, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, сем’і з пастаўскіх парафій Святога Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага зладзілі баль. У ім удзельнічала 11 сямейных пар.
Спачатку яны сабраліся на святую Імшу, якую цэлебравалі прадстаўнік Папы Рымскага ў замежных краінах ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня, ксёндз Віталій Сапега — душпастыр сямей Віцебскай дыяцэзіі, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз-дэкан Павел Самсонаў, ксёндз Чэслаў Куцмеж, які кожны месяц праводзіць сустрэчы сем’яў. Узначаліў Імшу біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Святары разам з вернікамі маліліся аб шчодрых дарах Духа Святога для кожнага, узаемаразуменні і еднасці ў сем’ях, краіне, свеце.
Свята працягнулася ў фае раённага Дома культуры. Гучыць шляхетная музыка, галантныя кавалеры і прыгожа апранутыя дамы размаўляюць паміж сабой. Гляджу на некаторыя пары, і яны напамінаюць мне маладажонаў: так замілавана, пяшчотна пазіраюць адно аднаму ў вочы!
Вядучыя балю Юлія Петухова, Сяргей і Святлана Івановы, Мікалай і Алеся Кісялёвы вітаюць ганаровых гасцей, удзельнікаў, гледачоў і аб’яўляюць паланэз. Грацыёзна, урачыста і велічна першая пара задае тон астатнім. Вытанчанасць рухаў, якія аб’ядноўваюць у адно цэлае мужа і жонку, трэба бачыць.
Біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў, што сямейны баль — гэта ўнікальная падзея. У наш імклівы час муж і жонка звычайна занятыя працай, выхаваннем дзяцей, іншымі справамі і, на жаль, амаль што не могуць пабыць разам. А для ўмацавання сям’і вельмі важна шанаваць сямейныя традыцыі. Баль — магчымасць устанаўлення дыялогу паміж мужам і жонкай: у танцы яны аддаюцца адно аднаму, і гэта абуджае пачуцці.
«Друг друга часто мы не понимаем,/ Не можем острых обойти углов,/Но в танце мы сердца соединяем,/ И это выше самых важных слов»! Меркаванне аўтара гэтых радкоў поўнасцю пацвердзілі ўдзельнікі сямейнага балю — пары з розным сямейным стажам. Юрый і Валянціна Бакуновічы ў каторы раз прыехалі сюды з Мінска. У іх ужо дарослыя дзеці і ўнукі, але паважаны ўзрост не перашкаджае пары сумесна праводзіць час. Вольга і Уладзімір Бярняк з Нарачы, патанцаваўшы летась разам з пастаўчанамі, не прамінулі гэту падзею і сёлета. Сяргей і Кацярына Чучковы — віцябчане і таксама пастаянныя ўдзельнікі сямейнага балю. Прызналіся, што любяць наш горад, шкадуюць, што такія мерапрыемствы ў іх абласным цэнтры не арганізуюцца.
Першымі сярод пастаўчан некалькі гадоў таму захапіліся балем Сяргей і Святлана Івановы, пабываўшы на аналагічным у Браславе. Закінулі ідэю сваім знаёмым і знайшлі аднадумцаў. Валанцёры душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Ірына і Аляксандр Малочка з Віцебска, якія маюць вопыт арганізацыі такіх баляў, згадзіліся дапамагаць. Урэшце ў 2018 годзе на Пастаўшчыне адбыўся першы баль. Яго зладзілі ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры. Наступны правялі ў райцэнтры і прысвяцілі яго 10-годдзю фонду «Адкрытыя сэрцы». Вымушаны перапынак прыйшлося зрабіць з-за пандэміі COVID-19. Летась традыцыю аднавілі.
Сёлета пастаўчане арганізавалі мерапрыемства самі. Да пастаянных танцораў Сяргея і Святланы Івановых, Мікалая і Святланы Ожэль, Мікалая і Алесі Кісялёвых, Андрэя і Вікторыі Кірплюк, Ігара Шкорніка і Наталлі Сцегніенкі далучыліся дзве новыя пары — Вікторыя і Аляксандр Богуш, Наталля і Часлаў Ясінскія.
Прыемна, што большасць танцораў — мнагадзетныя сем’і (маюць ад трох да шасці дзяцей). Тым не менш знаходзяць час на рэпетыцыі, падрыхтоўку балю.
Кантрданс змяняе чарльстон, за імі — полька і зноў кантрданс. А чаго вартая мелодыя вальса! Гэты танец выконваюць на выпускных балях, вяселлях, у сельскіх клубах. Яго відаў шмат: іспанскі, аўстралійскі свінгавы, вальс-бастон, малы фігурны і іншыя. Кожны з іх пары выконвалі рамантычна і элегантна. Мне ў гэты час успомніліся чарговыя вершаваныя радкі: «Не выпускай моей ладони,/ Объявлен вальс, объявлен вальс,/Пусть в звуках музыки утонет/ Всё то, что огорчало нас».
Біскуп Алег Буткевіч падзякаваў сем’ям за тую шчырую атмасферу, якую яны стварылі, і ўручыў дыплом самай закаханай пары — Сяргею і Кацярыне Чучковым; пары, якая найлепш вальсіруе, — Мікалаю і Святлане Ожэль, самаму галантнаму кавалеру — Сяргею Іванову, а таксама дырэктару раённага Дома культуры Але Чарнюк і харэографу Юліі Петуховай за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.
Доўга гучала ў той вечар музыка, кружыліся закаханыя пары, а на свяце валадарылі пяшчота, радасць, адзінства, шчасце.
Анна Анішкевіч