Цягнік памяці
Ужо не першы год напярэдадні 9 Мая па Паставах і раёне курсіруе імправізаваны «Цягнік Перамогі» — тэматычна аформлены школьны аўтобус СШ №3 з пераапранутымі ў ваенную форму дзецьмі і настаўнікамі. Сёлета «цягнік» здзейсніў патрыятычны прабег да спаленай вёскі Альцы.
Заходжу ў салон — і адразу трапляю ў атмасферу свята: удзельнікі праекта пад акампанемент баяна пранікнёна зацягваюць «Расцветали яблони и груши». Франтавыя і пасляваенныя мелодыі будуць гучаць усю няблізкую дарогу. З энтузіязмам падхопяць словы вядомых песень і дунілавіцкія старшакласнікі, якія далучацца да пастаўчан па дарозе. Гледзячы на іх, бесклапотных і шчырых, увесь маршрут будзе ўсміхацца ганаровы госць «Цягніка Перамогі» — былы малалетні вязень, даўні сябар СШ №3 Рыгор Леснікаў. Кожнае слова гэтага жывога сведкі ваеннага ліхалецця вучні будуць лавіць з непадробным інтарэсам. Ён раскажа і пра гады, апаленыя вайной, і пра лёс сваёй сям’і, і пра мірнае жыццё. А галоўным запаветам стануць простыя, але такія мудрыя словы: «Цаніце і беражыце мір! Гэта самая вялікая каштоўнасць».
Такой жа кранальнай будзе і канцэртная праграма ля абеліска ў Альцах: вершы, песні, танцавальныя кампазіцыі, ускладанне жывых кветак. Не менш пранікнёна, чым школьнікі, выступяць і педагогі. Ідэйны натхняльнік праекта Алена Грывусевіч усю душу ўкладзе ў словы вядучага. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дунілавіцкай сярэдняй школы Вольга Андрэйчык не зможа стрымаць слёз, пераказваючы ўспаміны былой жыхаркі спаленай вёскі, якая цудам засталася жывой. Яе калега па трэцяй школе Таццяна Крук узгадае лёс Хатыні, раскажа гісторыю стварэння і аднаўлення гэтага агульнавядомага мемарыяльнага комплексу. І неаднойчы ў маёй памяці ўсплывуць словы Прэзідэнта, што «патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт».
Завершыцца імправізаваны канцэрт сумеснай працоўнай акцыяй — пасадкай алеі елак. Яе закладуць школьнікі, настаўнікі і актыўныя члены дунілавіцкай пярвічкі раённага савета ветэранаў.
Вераніка Філановіч