У апошні час у сродках масавай інфармацыі і нашым маўленні ўсё часцей стала гучаць слова «экстрэмізм». Гэтым тэрмінам абазначаецца прыхільнаць да крайніх і радыкальных поглядаў і метадаў дзеянняў. Экстрэмізм мае розныя формы, сярод якіх правакацыя беспарадкаў, грамадзянскае непадпарадкаванне, тэрарыстычныя акцыі. Для яго вельмі важнае інфармацыйнае сілкаванне ў выглядзе пэўнай сімволікі і атрыбутыкі, друкаваных, аўдыя- і аўдыявізуальных матэрыялаў, іншай рэкламнай прадукцыі, прызначанай для публічнай дэманстрацыі, выкарыстання і распаўсюджання з мэтай уцягнення насельніцтва ў экстрэмісцкую дзейнасць і яе прапаганды. І мы, простыя грамадзяне, сваімі неабдуманымі ўчынкамі нярэдка становімся пасобнікамі экстрэмістаў.
Пастаўскім РАУС ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі структурамі вядзецца сур’ёзная работа па выяўленні асоб, якія займаюцца распаўсюджаннем, вырабам, захоўваннем і перавозкай інфармацыйнай прадукцыі, што ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе яе.
— Толькі за чатыры месяцы гэтага года да адміністрацыйнай адказнасці па арт.19.11 КаАП Рэспублікі Беларусь прыцягнута 15 жыхароў нашага раёна, — расказвае выконваючы абавязкі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Нагановіч. — Яны распаўсюджвалі ў інтэрнэце, месенджарах Viber, WhatsApp і Telegram інфармацыю з прызнаных экстрэмісцкімі тэлеграм-каналаў і іншых крыніц, такіх як NEXTA, TUT.BY, Хартия’97, БЕЛСАТ і да т. п., або захоўвалі гэту інфармацыю з мэтай яе распаўсюджання. Хачу патлумачыць, што зробленыя карыстальнікамі сацыяльных сетак на сваіх старонках рэпосты і пастаўленыя класы падпадаюць пад адміністрацыйную адказнасць. Яна наступае і ў тым выпадку, калі грамадзянін перадае нейкую інфармацыю для размяшчэння на экстрэмісцкім канале, паколькі ў дадзенай сітуацыі фактычна ўдзельнічае ў вырабе экстрэмісцкай прадукцыі.
Якое пакаранне чакае прыхільнікаў экстрэмізму?
— Распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе яе, а таксама выраб, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджання названай прадукцыі цягнуць за сабой штраф у памеры да 20 базавых велічынь для фізічнай асобы, — працягвае Павел Нагановіч. — Індывідуальнаму прадпрымальніку за гэта давядзецца заплаціць ад 20 да 50 БВ, юрыдычнай асобе — ад 50 да 200. Штраф за распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (з ім можна азнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь miniform.gov.by), а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай яе распаўсюджання: для фізічнай асобы — ад 10 да 30 БВ, для індывідуальнага прадпрымальніка — ад 50 да 100, для юрыдычнай асобы — ад 100 да 500 БВ. Сумы немалыя, яны прымушаюць задумацца, ці варта парушаць закон.
Падрыхтавала Алена Шапавалава