Пастаўчанку Наталію Федаровіч чытачы «ПК» ведаюць як аўтара і арганізатара праектаў — сацыяльнага «Ствараем гісторыю разам», які рэалізуецца ў СШ №4 імя В. Ф. Франтова, і раённага адукацыйна-краязнаўчага «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя». І мала каму вядома, што гэта энергічная жанчына, акрамя актыўнай грамадскай дзейнасці, займаецца вершаскладаннем, нядаўна выпусціла ўласны зборнік павучальных гісторый у вершах для дзяцей і дарослых «Пра жыццё з філасофінкай». Яго прэзентацыя адбылася ў чацвёртай школе, якую Наталія Вітальеўна ў свой час закончыла.
На творчую сустрэчу сабраліся не толькі навучэнцы і педагогі школы, але і блізкія, шматлікія сябры Н. Федаровіч. У невялікай актавай зале літаральна не было дзе яблыку ўпасці. Вядучай выступіла сама аўтар. Прывітаўшы прысутных, расказ пра сваю творчую дзейнасць яна пачала з песні «Пагранічнік», напісанай 4 студзеня 2018 года да рэспубліканскага конкурсу аўтарскіх песень, вершаў і плакатаў, аб’яўленага Інстытутам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэта кампазіцыя стала першай пробай пяра і аказалася даволі ўдалай. У кастрычніку 2022-га, пасля школьнага свята пасвячэння ў юныя пагранічнікі, з’явілася песня «Першы бой». Абедзве прагучалі са сцэны ў выкананні членаў ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт».
Тэма Вялікай Айчыннай вайны гучыць таксама ў песнях «Наказ бацькі», «Паміж баямі была перадышка», «На брацкіх магілах». Іх Наталія Вітальеўна прысвяціла ў тым ліку сваім дзядулю з бабуляй Аляксею Міхайлавічу і Ефрасінні Фёдараўне Веправым, якія прайшлі ўсю вайну. Дзядуля ваяваў на фронце, быў паранены, узнагароджаны баявымі медалямі. Бабуля працавала ў ваенным шпіталі санітаркай. Адну з кампазіцый, «На брацкіх магілах», выканалі Кацярына Антух і Арцём Маргуноў. А словы песні «Хатынь» пранікнёна прадэкламавала Вікторыя Дулінец, пераможца раённага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».
Увогуле, аўтар вельмі чуйна адгукаецца на ўсе значныя гістарычныя падзеі: Нарацкая наступальная аперацыя перыяду І Сусветнай вайны, вайна ў Афганістане, чарнобыльская трагедыя… Ім прысвечаны «Малітвы пра мір», «Афганская балада», «Мёртвы горад», якія таксама пачулі прысутныя ў зале.
Ёсць у творчасці Наталіі Вітальеўны вершы і песні пра ваенны 5-ы гарадок, дзе яна нарадзілася і вырасла, маму, якую бязмежна любіць, родную Пастаўшчыну і чацвёртую школу (для яе напісала гімн). Шэраг твораў — гэта філасофскія роздумы на тэму маладосці і старасці, чалавечых якасцей і ўзаемаадносін, павучальныя або жартоўныя гісторыі. Апошнія напісаны на манер баечак вядомага чэшскага пісьменніка Карэла Чапека. Іх і іншыя вершы разам з вучнямі прачыталі настаўнікі школы і сябры: Алена Сцяпанава, Таццяна Данілевіч, Ала Шыцікава, Ігар Бабчынскі, Іна Дрозд, Алена Копасава, Ганна Літвіновіч, Галіна Лапушынская, Марыя Грыбоўская, Іна Аліева.
Большасць гісторый, якія прагучалі ў той дзень, увайшлі ў зборнік «Пра жыццё з філасофінкай», прысвечаны Наталіяй Федаровіч любімым маці і сыну. Некалькі яго экзэмпляраў аўтар падарыла сваім сябрам з сацыяльна-педагагічнага цэнтра і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі раёна, а таксама дырэктару СШ №4 імя В. Ф. Франтова Вячаславу Пякарскаму. Атрымліваючы падарунак, Вячаслаў Часлававіч пажадаў гераіні вечарыны і далей заставацца такім жа актыўным, неардынарным, творчым чалавекам. Гэтага ж зычыла і старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, з якой Наталія Вітальеўна цесна супрацоўнічае, прапануючы арганізаваць розныя акцыі і праекты.
Алена Шапавалава