Накануне Дня Победы участники Великой Отечественной войны принимали поздравления и подарки

История

Напярэдадні Дня Перамогі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны прымалі віншаванні і падарункі.

5 мая пляцоўка перад адной са шматпавярховак у 5 гарадку ператварылася ў імправізаваную сцэну. Сюды прыйшлі члены ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» са сваім кіраўніком Сяргеем Машковым і навучэнцы пачатковых класаў СШ №4 імя В. Ф. Франтова з кветкамі ў руках. Да іх далучыліся ваеннаслужачыя 1-га ваеннага шпіталя і 1-га радыётэхнічнага цэнтра, прадстаўнікі райвыканкама, БРСМ. Работнікі сацыяльнай службы дапамаглі прыйсці сюды герою свята — ­удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Барысу Сямашку.

Ветэрану ідзе 93-і год. Мае праблемы са здароўем, але па-ранейшаму застаецца аптымістам. З удзячнасцю прымаў віншаванні з Днём Перамогі ад намесніка старшыні райвыканкама Станіслава Чымбурга, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталлі Седзюкевіч, намесніка дырэктара ТЦСАН Вольгі Антух, старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Літвіновіч, ваеннаслужачых, моладзі. Асабліва парадавалі ветэрана першакласнікі, якія ўручалі яму кветкі і крычалі: «Віншуем!» А калі загучала песня «День Победы» ў выкананні Валерыі Крук, Барыс Дзмітрыевіч не стрымаў слёз. Змахваў іх і падчас успамінаў пра сваё дзяцінства, апаленае вайной, цяжкую маладосць.

Накануне Дня Победы участники Великой Отечественной войны принимали поздравления и подарки

— Лёс падарыў мне доўгае жыццё, — гаварыў Барыс Сямашка. — Пакуль дазваляла здароўе, быў актыўным у грамадскім жыцці, патрыятычным выхаванні моладзі. Цяпер сілы абмежаваныя. Не магу нават адказваць на пісьмы сяброў, знаёмых, якіх атрымліваю шмат. У спадчыну нашчадкам пакіну аўтабіяграфічную кнігу «Жыццё насуперак», якую напісаў пакуль быў дужэйшы. Моладзь павінна ведаць, якой дарагой цаной здабыта Перамога, і берагчы мір, ганарыцца тым, што над Беларуссю мірнае неба, ёсць магчымасць займацца стваральнай працай.

Члены ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» прадэманстравалі ветэрану навыкі дапрызыўнай падрыхтоўкі і разам з ваеннаслужачымі даказалі, што ў любую хвіліну гатовы стаць на абарону рубяжоў Айчыны.

Не абышлі ўвагай ў той дзень і яшчэ трох удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Стогадовы Віктар Ашчэпкаў разам з жонкай Янінай Людвікаўнай знаходзіцца на лячэнні ў цэнтральнай раённай бальніцы. Яны былі вельмі рады гасцям і падарункам.

А Віктар Красоўскі з бальніцы выпісаўся ўсяго некалькі дзён таму. Да ложка яго прыкаваў інсульт. Цяжкахворага бацьку даглядае сын. Пасля свят тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва назначыць яму сядзелку.

Чакаў гасцей і Мечыслаў Муха. «З раніцы не адыходзіў ад акна, — прызналася дачка, у якой ён жыве. — Для таты Дзень Перамогі — вялікае свята. Хоць ён і не ваяваў на фронце, вайна зрабіла яго калекам. Таму пастаянна наказвае і нам, і ўнукам, каб цанілі мірнае жыццё».

— Самае галоўнае ў Дзень Перамогі — стварыць свята для нашых дарагіх ветэранаў, сказаць ім «дзякуй» за мір, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Іх гераічны подзвіг і само жыццё — прыклад для маладога пакалення.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.