Сход, прысвечаны Святу Працы, прайшоў у канцэртнай зале дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі працоўных калектываў, ветэраны працы і прафсаюзнага руху, грамадскія актывісты, сустракалі школьнікі з паветранымі шарамі і галінкамі маладой бярозы ў руках. Урачыстасці мерапрыемству надало выступленне барабаншчыц, якія першымі выйшлі на сцэну.
— Для кожнага пакалення Першамай мае сваё значэнне, — гаварыла, вітаючы прысутных, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. — Для ўсіх нас — гэта свята працы, адзінства. Яно аб’ядноўвае людзей, якія імкнуцца да прафесійнага і творчага самавыяўлення, лічаць сваім абавязкам прыносіць карысць краіне і грамадству. Чалавек працы быў і застаецца ў цэнтры ўвагі. І сёння мы ўшаноўваем тых, хто ўнёс важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай сферы раёна.
З рук Іны Далецкай Ганаровую грамату абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў атрымала старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Паставымэбля» Святлана Чэпік, граматы раённага аб’яднання — старшыня і казначэй пярвічкі ТЦСАН Ганна Хромчанка і Вольга Антух.
Са шчырымі словамі віншаванняў да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён пажадаў усім стваральнай працы пад мірным небам і ўручыў пяці прафсаюзным актывістам Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, Падзякі старшыні райвыканкама.
Затым на сцэну падымаліся прафсаюзныя лідары аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, адукацыі, медыцыны і адзначалі граматамі найлепшых работнікаў сваёй сферы. Сярод узнагароджаных — галоўны аграном ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Марына Гваздзеўская, механізатар ААТ «Кураполле-агра» Вячаслаў Барадай, прадстаўнікі ААТ «Паставымэбля» Алег Курэц, Іван Радкевіч, Павел Тарговіч, малочнага завода — Уладзімір Шырневіч, Аляксей Гардзевіч, Марына Пучынская, навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Марыя Кузняцова і Анастасія Шурміна і дзясяткі іншых.
Завяршыўся сход канцэртнай праграмай, у якой удзельнічалі як дарослыя, так і юныя таленты Пастаўшчыны.
Анна Анішкевіч