Акунуліся ў эпоху Тызенгаўзаў
Сёлета спаўняецца 290 гадоў з дня нараджэння адной з самых значных асоб у гісторыі нашага горада — надворнага падскарбія Вялікага Княства Літоўскага, грамадскага і палітычнага дзеяча графа Антонія Тызенгаўза, які ў XVIIІ стагоддзі валодаў Паставамі і ператварыў іх з драўлянага ў прыгожае каменнае мястэчка. Да юбілейнай гадавіны раённы краязнаўчы музей вырашыў падрыхтаваць выставу, прысвечаную роду Тызенгаўзаў і іх нашчадкам — Пшэздзецкім. Даведаўшыся пра гэта, дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Ганна Цыбулёнак прапанавала музейным работнікам аб’яднацца і спалучыць выставу з канцэртам старадаўняй музыкі. Што ў выніку атрымалася, змаглі ацаніць тыя, хто прыйшоў у мінулую пятніцу ў Канцэртную залу па вуліцы Чырвонаармейскай.
У яе фае разгарнулася экспазіцыя літаратуры пра знакаміты род і партрэтаў яго «беларускіх» прадстаўнікоў, сярод якіх размясціліся гербы Тызенгаўзаў і Пшэздзецкіх. Там жа на адпаведны лад наведвальнікаў настройвалі педагогі і выхаванцы школы мастацтваў: на электронным піяніна яны выконвалі класічныя творы XVII стагоддзя. Глыбей акунуцца ў музыку таго і крыху пазнейшага часу можна было на самім канцэрце. Падчас яго вядучыя Вераніка Крывічаніна і Паліна Кладніцкая нагадалі, хто такія Антоній і Канстанцін Тызенгаўзы і што яны зрабілі для развіцця Пастаў, навукі і мастацтва.
Ну а адкрыў канцэртную праграму ў адпаведнасці з традыцыяй XVIIІ стагоддзя танец паланэз. Яго, а затым вальс выканалі навучэнцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ. Пазней «Паланэз», а таксама «Менуэт», «Маленькая прэлюдыя до-мінор», «Двухгалосная інвенцыя мі-мажор», «Трохгалосная інвенцыя рэ-мажор» І. С. Баха, Г. Ф. Гендэля, А. Шнітке, творы іншых кампазітараў гучалі ў выкананні юных піяністаў, скрыпачоў, цымбалістаў, дамрыстаў. Сюрпрызам для прысутных у зале сталі мазуркі, напісаныя Канстанцінам Тызенгаўзам. Нямногія ведаюць, што ён быў не толькі вучоным-арнітолагам, але і музыкантам, меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах. Акрамя таго, у канцэрце прагучала яго «Вітальная Тамашу Зану», якую выканаў хор навучэнцаў. Яна стала завяршальным акордам цудоўнага вечара класічнай музыкі.
Алена Шапавалава