У нядзелю разам з усёй краінай пастаўчане ўслаўлялі сімвалы нацыі — флаг, герб і гімн. Узнёслая і кранальная цырымонія з нагоды дзяржаўнага свята адбылася на плошчы Камсамольскай у райцэнтры.
Для ўдзелу ва ўрачыстым рытуале тут сабраліся ўсе, хто з дня ў дзень не словам, а справай стаіць на варце дзяржаўных інтарэсаў: прадстаўнікі ўлады, сілавога блока, грамадскіх арганізацый, галіновых прафсаюзаў, сферы адукацыі і культуры. Асабліва многа было моладзі, якая сваёй стараннай вучобай, актыўным удзелам у грамадскім жыцці і талентам дае падставу нам, дарослым, ганарыцца яе поспехамі. І хто ведае, можа, неўзабаве ў гонар кагосьці з іх прагучыць гімн Беларусі і ўзнімецца яе флаг. Разам з гербам гэтыя галоўныя дзяржаўныя сімвалы робяць нашу краіну пазнавальнай ва ўсім свеце, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай нашага патрыятызму.
— У галоўных сімвалах беларускай нацыі клапатліва захаваны рысы, якія раскрываюць мірныя, стваральныя мэты беларускага народа, — слушна адзначылі вядучыя цырымоніі Вольга Лойка і Валерый Жук’ян. — На канстытуцыйным узроўні замацаваны абавязак кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, паважліва адносіцца да нашых герба, флага і гімна. Імі вітаюць гасцей, з імі звязаны самыя галоўныя ў жыцці ўзнагароды, ім прысягаюць на вернасць, аддаюць чэсць, за іх ахвяруюць жыццё. Таму абсалютна зразумела, што Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь аб’ядноўвае ўсіх грамадзян краіны ў імкненні аддаць даніну павагі галоўным дзяржаўным сімвалам.
Падчас урачыстасці кожнае слова, кожны рух, кожная мелодыя былі прасякнуты пачуццём патрыятызму і ўслаўлялі агульнадзяржаўныя сімвалы нацыі. Чаго толькі было вартае сумеснае выкананне гімна! А задало рытм мерапрыемству выступленне барабаншчыц Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Ад іх эстафету прынялі прадстаўнікі БРСМ, ветэраны і ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Беларусі, якія пад гукі марша вынеслі на плошчу палотнішча Дзяржаўнага флага. Парадавалі гледачоў сваім талентам удзельнікі вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна і яго работнік Таццяна Карпава.
Назаўжды запомніцца гэты дзень і шасці дзясяткам хлопцаў і дзяўчат. Адны з іх папоўнілі шэрагі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і атрымалі білеты грамадскага аб’яднання з рук старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і першага сакратара райкама БРСМ Анастасіі Пятровай, другія ўліліся ў Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. Разам са старшынёй раённага савета грамадскага аб’яднання БРПА Крысцінай Шылько новыя члены арганізацыі далі ўрачыстую клятву юнага піянера і атрымалі першыя ў сваім жыцці чырвона-зялёныя гальштукі, якія ім павязалі ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Вераніка Філановіч