Фэст у гонар Святога Андрэя Баболі ў Лучаі сабраў мясцовых парафіян і шматлікіх гасцей

Духовность

Фэст у гонар Святога Андрэя Баболі ў Лучаі сабраў як мясцовых парафіян, так і гасцей, у ліку якіх былі шматлікія ўраджэнцы Лучайшчыны, а таксама ксяндзы-пробашчы з Лынтуп, Камай, Пастаў, Валкалаты, Ахрэмаўцаў, Дунілавіч, Нарачы, Варапаева. Усіх сардэчна вітаў ксёндз-пробашч Яўген Міхайлаў. Прысутныя рады былі бачыць ксяндза-прэлата Аляксандра Рагіню, які ўзначаліў святую Імшу.

Урачыстым яе момантам стала асвячэнне адрэстаўраванага старажытнага надалтарнага крыжа з фігурай Езуса на ім. Гісторыкі сцвярджаюць, што крыж вышынёй 3 метры 20 сантыметраў і шырынёй 2 метры зроблены ў другой палове XVIII стагоддзя з дрэва хвойнай пароды, хутчэй за ўсё, з лістоўніцы або італьянскай сасны. Ён мае паліхромную афарбоўку, якая выканана тэмпернымі фарбамі па ляўкасе. Падобныя ўкрыжаванні ёсць у Касцёле кармелітаў босых у Мя­дзеле і ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Для лучайскай парафіі гэты крыж з’яўляецца не толькі культурна-гістарычнай, але і цудадзейнай духоўнай каштоўнасцю. Пасля таго, як лучайскі касцёл у 1990 годзе вярнулі вернікам, фігуру Хрыста чамусьці пафарбавалі ў жоўты колер, што не адпавядала арыгіналу. Сёлета па ініцыятыве ксяндза Яўгена гэта памылка выпраўлена: беларускія майстры адрэстаўравалі крыж і вярнулі яму першапачатковы выгляд.

Сваё казанне падчас Імшы ксёндз-прэлат прысвяціў жыццю Андрэя Баболі. Нагадваючы пра пакутніцкі шлях святога, ён зрабіў акцэнт на адзінстве, якое імкнуўся сеяць сваімі словамі Святы Андрэй Баболя. Верагодна, што ў свой час ён бываў у лучайскім касцёле, бо нёс служэнне ў Вільні і Полацку. А шлях з аднаго горада ў другі праходзіў менавіта праз Лучай. Паводле ўспамінаў доўгажыхароў, рэліквіі святога знаходзіліся ў лучайскім касцёле да таго моманту, пакуль яго ў 1948 годзе не закрылі. У другі раз яны вярнуліся сюды ў 2013-м.

Фэст у гонар Святога Андрэя Баболі ў Лучаі сабраў мясцовых парафіян і шматлікіх гасцей

Ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня падкрэсліў, што асобныя моманты гісторыі чалавецтва перыядычна паўтараюцца. Прыклад руплівасці Святога Андрэя Баболі ў справе евангелізацыі і катэхізацыі не страчвае сваёй актуальнасці і ў XXI стагоддзі. Адзінства застаецца надзённай праблемай сучаснага свету. Святар заклікаў прысутных быць вернымі Хрысту, сваёй сям’і, Радзіме.

Слухала мудрыя разважанні ўзмужнелага святара і ўспамінала падзеі крыху больш чым 20-гадовай даўнасці — менавіта тады, 18 мая, дыякан Аляксандр пасля заканчэння Гродзенскай духоўнай семінарыі і двух гадоў практыкі ў Віцебску, Лынтупах і Паставах прыняў святарскае пасвячэнне ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, а праз дзень цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў родным касцёле. Гэта была гістарычная падзея, бо апошні раз такая Імша тут адбывалася амаль 300 гадоў таму.

Мінулі два дзесяцігоддзі. Ксёндз Аляксандр закончыў адну з самых прэстыжных навучальных устаноў Каталіцкага Касцёла — Папскую дыпламатычную акадэмію ў Рыме. З 2010 года знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду і з’яўляецца там адзіным святаром з Беларусі. Па накіраванні Папы Рымскага быў сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Эквадоры, Казахстане. У кастрычніку 2013 года Папа Рымскі Францішак далучыў ксяндза Аляксандра да ліку сваіх капеланаў. Затым былі Рэспубліка Чад і Аргенціна. Наступным месцам яго служэння сталі Грузія і Арменія. Але, як сам прызнаўся, няма нічога даражэйшага за Радзіму. Менавіта тут ксёндз-прэлат набіраецца як фізічных, так і духоўных сіл.

На заканчэнне ўрачыстасці была прачытана Літанія да Святога Андрэя Баболі, затым усе прысутныя ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамантам прайшлі вакол святыні, з удзячнасцю Богу праспявалі гімн Te Deum і ўшанавалі рэліквіі святога.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.