На фэст пакутніка Андрэя Баболі
16 мая Каталіцкі Касцёл ушаноўвае святара і пакутніка Андрэя Баболю. Ён нарадзіўся каля 1591 года ў Польшчы. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у Ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго адпраўляла духоўнае кіраўніцтва, у тым ліку ў Нясвіжы, Пінску, Вільні, Бабруйску.
Андрэй Баболя вызначаўся вялікай пакорай, цярплівасцю, паслухмянасцю. Ветлівы і адкрыты характар пракладваў яму дарогу да людзей. Пераконвалі яго набожнасць, любоў да Панны Марыі, пашана ў адносінах да Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце. Многія ўжо тады называлі яго святым. Дзякуючы намаганням гэтага святара шмат людзей павярнуліся да Бога і паядналіся з Каталіцкім Касцёлам.
Загінуў Андрэй Баболя 16 мая 1657 года пакутніцкай смерцю ў Янаве Палескім (сучаснае Іванава Брэсцкай вобласці). Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. У 1922 годзе рэліквіі святога даставілі ў Маскву, а затым адправілі ў Рым у знак удзячнасці Папу Рымскаму за дапамогу ў перыяд голаду. Кананізацыя Андрэя Баболі адбылася ў 1938 годзе. Яго рэліквіі знаходзяцца ў Варшаве. Ёсць яны і ў лучайскім касцёле.
Кожны год тут у гонар святога пакутніка ладзіцца фэст, а на завяршэнне ўрачыстасці адбываецца ўшанаванне яго рэліквій. Сёлета на адпустовую Імшу з працэсіяй запрашаю ў Лучай у суботу, 20 мая. Узначаліць яе ўраджэнец вёскі Дземяшы ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня. Будзе асвечаны адрэстаўраваны старажытны надалтарны крыж. Пачатак у 15 гадзін.
Ксёндз Яўген Міхайлаў, пробашч лучайскага касцёла