Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы» — «Городские львы» (Городок) – 4:0

Спорт и туризм

Пераканаўчы рэванш

ФСК «Паставы» — «Гарадскія львы» (Гарадок) – 4:0

Роўна тры тыдні назад каманды згулялі паміж сабой на пачатковай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі. Тады нашы дома крыўдна прайгралі (0:4). Чарговае супрацьстаянне сапернікаў прынесла пастаўчанам буйную перамогу. Але для поспеху ўсёй камандзе прыйшлося затраціць шмат сіл. Госці адразу ўзвінцілі тэмп, пайшлі наперад. Пры падтрымцы шматлікіх гледачоў нашы вытрымалі націск і на 5-й хвіліне з падачы вуглавога ўдару цэнтральны абаронца Яўген Хараў адкрыў лік — 1:0. Гульня абвастрылася, а капітан гарадокцаў Мікалай Пятроў неўзабаве стрэліў побач са штангай.

Каманды па чарзе сталі абменьвацца небяспечнымі камбінацыямі. У пастаўчан бліскуча і надзейна дзейнічаў варатар і капітан Андрэй Чашун. Яго спакой і ўпэўненасць ва ўласных сілах перадаліся партнёрам. Нашы правялі шэраг вострых атак, а за 3 хвіліны да перапынку праход Мікіты Давідоўскага быў спынены недазволеным прыёмам у штрафной пляцоўцы. Галкіпер гарадокцаў у скачку адбіў пенальці. На шчасце, апорны паўабаронца пастаўчан Дзмітрый Рогач першым паспеў да мяча і трапна прабіў у далёкі вугал — 2:0.

Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы» — «Городские львы» (Городок) – 4:0

У другім тайме прадказальна тэрытарыяльнай перавагай завалодаў сапернік, а нашы сталі даволі ўмела гуляць ад абароны. Праз гадзіну барацьбы імкліва прайшоў па фланзе Уладзімір Камісарчук, але мяч пасля яго стрэлу праляцеў ўпрыцірку са штангай. У канцоўцы настрой гарадокцаў пагоршыўся, бо яны не рэалізавалі выхад без перашкод на нашы вароты. На 77-й хвіліне пастаўчане разыгралі ўзорную камбінацыю, вывелі на заключны ўдар рэзервіста Аляксандра Звяругу, які не прамахнуўся — 3:0. Гэты таленавіты 17-гадовы апорны паўабаронца напрыканцы сустрэчы правёў і самы прыгожы мяч ювелірным ударам пад перакладзіну. Пад гучныя апладысменты стадыёна завяршылі пераможны матч з моцным сапернікам Чашун (к, Бяляўцаў), Маршын, Хараў, Голубеў, Касенка, Рогач (Мацеша), Камісарчук (Мядзведзеў), Пурлан (Цыунель), Давідоўскі (Звяруга), Кабяк, Ясюковіч.

У трох іншых паядынках тура былі зафіксаваны наступныя вынікі: ФК «Лепель» — «Полацк-2019» — 2:1, ФК «Міёры» — ФСК «Орша» — 3:2, ФК «Сянно» — «Ніва» (Талачын) — 3:1. Дзеючы чэмпіён вобласці — «Газавік» (Віцебск) — абыграў ФК «Глыбокае» з лікам 3:0. У актыве пастаўчан стала 3 набраныя ачкі, яны падняліся на 5-е месца ў турнірнай табліцы. Па просьбе суседзяў з Глыбокага нашы пагадзіліся на перанос на рэзервовы дзень, 3 ліпеня, выязнога матча з імі. У нядзелю, 4 чэрвеня, ФСК «Паставы» дома згуляе з палачанамі.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.