Слабае месца – рэалізацыя
ФСК «Паставы»—«Гарадскія львы» (Гарадок) — 0:4
Перад пачаткам кубкавай сустрэчы абедзве каманды і гледачы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць заўчасна памерлых інспектара АБФФ Мікіты Пырэева і абаронцы пастаўчан Паўла Гарнадуда.
«Гарадскія львы» зімой умацаваліся 10 футбалістамі з абласнога цэнтра. На слізкім пасля моцнага дажджу полі яны адразу пайшлі наперад на вялікай хуткасці. Іх першая атака стала выніковай, калі вопытны капітан Мікалай Пятроў з лініі штрафной магутна стрэліў пад перакладзіну — 0:1. Неўзабаве сапернік вызначыўся зноў. На 7-й хвіліне леташні найлепшы бамбардзір (28 мячоў) Назар Іваноў са штрафнога ўдарам з адскокам мяча дабіўся поспеху.
На 30-й хвіліне капітан і цэнтрфорвард пастаўчан Герман Чалей выбег без перашкод на вароты гарадокцаў, але прабіў побач са стойкай. Тут жа «львы» правялі кінжальную контратаку — 0:3. У няпростым становішчы маладыя пастаўчане змагаліся да канца, стварылі тры вострыя камбінацыі. Але, на жаль, іх падвяло няўменне трапна прабіваць заключныя ўдары.
Нашы пастараюцца ўзяць у футбалістаў Гарадка рэванш за кубкавую асечку – 20 альбо 21 мая дома зноў згуляюць з імі ў чарговым туры нацыянальнага першынства.
У другім тайме галоўны трэнер ФСК «Паставы» Васіль Грантоўскі выпусціў на поле чацвёрку больш вопытных ігракоў. Гэта прынесла свой плён, бо «львы» сталі гуляць пераважна ад абароны. Але, як і да перапынку, стрэлам нашай каманды не хапала дакладнасці. Канцоўка паядынку стала напружанай. Абаронцу гарадокцаў выдалілі з поля. Нашы зарабілі пенальці. Герман Чалей прабіў моцна, але мяч трапіў у штангу. За 5 хвілін да фінальнага свістка сапернік зарабіў такі ж момант. Канчатковую кропку ў матчы паставіў К. Банькоў, які прабіў бездакорна.
Гарадокцы дабіліся буйной перамогі, а нашы выбылі з кубкавага турніру. Павучальны для сябе паядынак дома згулялі Бяляўцаў (Маршын), Хараў, Алейнікаў, Касенка, М. Зелянкевіч (Камісарчук), Рогач, Звяруга (Голубеў), Пурлан (Цыўнель), Жылевіч (Вілейта), Ясюковіч, Чалей (к). У іншых сустрэчах раўнда 1/128 фіналу фаварыты дабіліся поспеху: ФК «Лепель»—ФК «Міёры» — 0:7, ФК «Сянно»—«Ніва» (Талачын) — 3:1, «Полацк-2019»—«Газавік» (Віцебск) — 1:2. Барацьбу за трафей прадоўжаць далей «Гарадскія львы», міёрцы, сенненцы і віцябчане. Пастаўчане ў суботу, 6 мая, ў стартавым матчы чэмпіянату 2-й лігі згуляюць на выездзе ў Оршы.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя