Скомканы фініш
5 месяцаў доўжыўся чэмпіянат краіны па валейболе сярод мужчын у 1-й лізе. Матчы фінальнага этапа зноў прайшлі ў Салігорску. Пастаўчане адправіліся туды пасля трэніровачнага збору. Тым не менш заваяваць медалі, як і летась, ім не ўдалося.
«Легіён-2» (Гродна)—«Атлант» (Паставы) — 3:1
½ фіналу. 3:1 (29:27; 26:24; 13:25; 25:21)
Перад гэтай сустрэчай гаспадары турніру — «ДЮСШ-Шахцёр» — даволі лёгка (3:0) разабраліся са сталічным РДВАР-2007. Пастаўчане ўсяго два тыдні назад на сваёй пляцоўцы ўпершыню ў сезоне адолелі ў чатырох партыях дублёраў клуба вышэйшай лігі з Гродзеншчыны. Але, на жаль, развіць папярэдні поспех не здолелі. Увесь час на пляцоўцы ішла напружаная барацьба. У канцоўцы стартавай партыі пры ліку 22:22 гомельскі суддзя пару разоў «памыліўся» на карысць саперніка, чым той і скарыстаўся. Аднак на характары ўпартага супрацьстаяння гэта не адбілася.
Гродзенцы згулялі мацней напрыканцы другога сэта, затое іх чакаў поўны правал у наступным. Здавалася б, «Атлант» павінен быў скарыстацца гэтым — загуляць на сапраўдным куражы, але выйшла наадварот. У нашых лідараў нападзення Андрэя Казлоўскага і Дзмітрыя Грыневіча гульня не заладзілася з самага пачатку. Яны набралі зусім мала ачкоў, часта памыляліся пры завяршэнні камбінацый. Больш эфектыўным было нападзенне 1-м тэмпам у выкананні Аляксея Канаша і Аляксандра Каспера. Заключны адрэзак сустрэчы прайшоў пад дыктоўку гродзенцаў, якія дабіліся жаданай перамогі.
«Атлант» (Паставы)—РДВАР-2007 (Мінск) — 1:3
Матч за 3-е месца. 1:3 (13:25; 20:25; 25:23; 21;25)
На наступны дзень нашы валейбалісты змагаліся за «бронзу» з добра падрыхтаванай камандай мінчан. Гэта яны адчулі адразу і баяліся браць на сябе адказнасць за гульню, акрамя капітана-распасоўшчыка Руслана Сімагасціцкага і лібера Аляксандра Зарэцкага.
У першай партыі ў пастаўчан выніковымі атрымаліся лічаныя атакі, мяч валіўся з рук, не атрымліваліся падачы. Сапернік — маладзёжная зборная Беларусі (U-17) — дамінаваў і займеў перавагу ў дзве партыі.
Пастаўчанам у выніку ўдалося толькі скараціць розніцу ў ліку, а на большае іх не хапіла. РДВАР-2007 дабіўся жаданай перамогі.
На выездзе ў Салігорску гулялі Сімагасціцкі, Каспер, Канаш, Казлоўскі, Скалабан, Грыневіч, Недзведзь, Пронька, Панавас і лібера Зарэцкі. Адзіным суцяшэннем для нашай каманды стала тое, што Беларуская федэрацыя валейбола найлепшым блакіруючым 1-й лігі сезона-2022/2023 прызнала Аляксандра Каспера. Яму ўручылі спецыяльны прыз.
Як і чакалася, «золата» з лікам 3:0 упэўнена заваявалі салігарчане, узмоцненыя адразу чатырма валейбалістамі асноўнага складу дзеючых чэмпіёнаў Беларусі, сярод якіх быў і экс-пастаўчанін Даніла Болгаў.
Уладзімір Шык