Дзіма Хоценцаў з Аняй Літвіновіч пазнаёміўся ў агульных сяброў. Прыгожая дзяўчына не магла не выклікаць у хлопца інтарэсу. Яна адказала ўзаемнай сімпатыяй, бо адразу адчула: гэта той, пра каго марыла. Праз год пасля першай сустрэчы яны згулялі вяселле. Сёлета адзначаць 10-годдзе сумеснага жыцця.
Дзеці – наша ўсё
— Пра тое, што ў нашай сям’і будзе не менш за трое дзяцей, я марыла пастаянна, — расказвала Аня. — У асобе Дзімы бачыла надзейнага мужа, клапатлівага бацьку. Сама выхоўвалася ўдваіх з братам, Дзіма — адзін у сям’і. А вось у маёй мамы ёсць дзве сястры. І гэта так здорава! Я заўсёды зайздросціла гэтай тройцы, іх адзінству. Калі даведалася, што цяжарная, хацела дачушку.
Нарадзіўся Рома. Ён ужо трэцякласнік, памочнік бацькоў. Праз два гады сям’ю папоўніў Саша. На той час Хоценцавы жылі на здымнай кватэры і стаялі на чарзе на будаўніцтва жылля. Калі ім прапанавалі пабудаваць двухпакаёўку, згадзіліся.
— Ведалі, што будзе цяжка, — гаварыла Аня. — Малыя дзеці — гэта бяссонныя ночы, пастаянны шум. Але вельмі радаваліся нараджэнню кожнага дзіцяці.
Аня ўсё спадзявалася на дачушку. На кожным ультрагукавым даследаванні з нецярпеннем чакала, што скажа доктар. Трэцім нарадзіўся Гардзей. Зараз Аня ў чарговым водпуску па доглядзе такой доўгачаканай Машы! Дзяўчынка — усеагульная любіміца ў сям’і.
— Я адчуваю сябе шчаслівай мамай, хаця клопатаў хапае, — гаварыла Аня. — Але яны прыносяць мне задавальненне. Мацярынская любоў вытрымае ўсё. Яна дзеліцца пароўну на ўсіх, а шчасце прымнажаецца. Абдымкі дзетак, іх пацалункі надаюць сіл і радасці.
Разам – лёгка
У мнагадзетнай сям’і заўсёды няпроста. Але калі муж падтрымлівае жонку, а яна — надзейная захавальніца дамашняга ачага, тады ўсё ладзіцца. Аня і Дзіма разумеюць, што дзеці — гэта вялікая адказнасць. І не столькі ў плане іх матэрыяльнага забеспячэння, колькі ў плане выхавання. Таму адносіны паміж сабой і дзецьмі будуюць на даверы, узаемапавазе, прабачэнні, любові.
А яшчэ ў Хоценцавых шмат памочнікаў. Калі маладыя пажаніліся, жылі разам з бацькамі Ані. Пазней знялі кватэру, але недалёка ад іх. Цяпер пражываюць у мікрараёне 6 гарадка. Побач і мама Дзімы. Усе яны, а таксама бабуля мужа, якая зімуе ў райцэнтры, — надзейная апора мнагадзетнай сям’і. Родныя гатовыя ў любы час прыйсці на выручку. Летам малыя любяць бываць у бабулі ў Навасёлках Камайскага сельсавета. Там ім сапраўднае раздолле!
Адчувальнай лічаць Хоценцавы і дапамогу дзяржавы: 50% платы за харчаванне ў дзіцячым садку і школе, сямейны капітал, ільготы на жыллё, выплату крэдытаў і іншыя. Яны прызналіся, што любяць свой мікрараён, дзе побач дзіцячы сад і школа, магазіны, возера. Дзіма працуе ў Пастаўскім мэблевым цэнтры. Аня, скончыўшы Пастаўскі дзяржаўны каледж, працавала ў райспажыўтаварыстве. Але сваёй асноўнай работай лічыць мацярынства.
Анна Анішкевіч
Фота з сямейнага альбома Хоценцавых