Вялікдзень любімы і дзецьмі, і дарослымі. Як рыхтуюцца да яго святары? Якія ўспаміны з дзяцінства і сёння грэюць іх сэрцы? Пра гэта і іншае яны расказалі карэспандэнту «ПК» Анне Анішкевіч.
Ксёндз Яўген Міхайлаў, пробашч касцёла Святога Тадэвуша ў Лучаі:
— Падрыхтоўка святароў да Вялікадня значна адрозніваецца ад падрыхтоўкі свецкіх людзей. Мы ў першую чаргу дбаем пра сваіх парафіян, вядзём інтэнсіўную духоўную падрыхтоўку: разважаем над пакутамі Хрыста падчас Крыжовага шляху, шмат спавядаем. Святыя Імшы я адпраўляю не толькі ў лучайскім касцёле, але і ў капліцах у Навасёлках і Старым Двары. У маёй парафіі шмат невялікіх вёсак. У большасці жывуць старыя, адзінокія. На гэтым тыдні наведаў звыш 30 чалавек, паспавядаў, удзяліў Камунію.
Шмат часу займае падрыхтоўка дэкарацый да Пасхальнага тыдня. Хоць у гэтым дапамагаюць парафіяне, асноўныя ідэі мае. На Вялікі Чацвер рыхтуем спецыяльнае месца для Найсвяцейшага Сакраманту, якое сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гэтсыманіі. На Вялікую Пятніцу — прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, куды пераносіцца Найсвяцейшы Сакрамант. У Вялікую суботу будзе малітва пры Гробе Пана і асвячэнне велікодных страў. Вечарам у 21.00 — Пасхальная вігілія. У нядзелю — рэзурэкцыйная працэсія і святая Імша. Спраў хапае.
З дзяцінства асабліва яркіх успамінаў пра свята няма. Я нарадзіўся ў Лынтупах. Рэлігія ў той час была пад забаронай. Касцёл у пасёлку не быў закрыты, але святар адсутнічаў. Пасвенціць вербачку, велікодныя стравы і на Пасхальную вігілію старэйшыя аднавяскоўцы ездзілі ў літоўскія Гадуцішкі, Швянчоніс. Бацькі былі непрактыкуючымі католікамі. У лынтупскім касцёле на маёй памяці першым святаром стаў ксёндз Ян Шуткевіч. Затым яго змяніў ксёндз Чэслаў Куцмеж, які зараз працуе ў Паставах. Ён мяне, сямігадовага, і пахрысціў. Старэйшыя за мяне хлопцы і равеснікі служылі пры алтары, далучыўся да іх і я. Многія паступілі ў духоўную семінарыю. І калі прыязджалі на канікулы ў сутанах, мне хацелася быць падобным да іх. Адчуў голас паклікання да святарства і ў 17 гадоў стаў семінарыстам Пінскай духоўнай семінарыі. За мной да веры прыйшлі і бацькі.
Я, мае брат і сястра любім бываць у бацькоўскім доме. Мама на Вялікдзень гатуе традыцыйныя стравы. Вядома, абавязкова фарбуе яйкі: яны — сімвал велікоднага стала.
Большасць свят адзначаю на алтары ў супольнасці з парафіяльнай сям’ёй. На Божае Нараджэнне, Вялікдзень у лучайскім касцёле збіраецца нашмат больш людзей, чым у звычайную нядзелю. Сюды імкнуцца прыехаць тыя, чыё станаўленне як хрысціяніна адбывалася ў Лучаі. Мяне гэта радуе.
У гэтыя святочныя дні жадаю ўсім любові і згоды ў сем’ях, веры ў сэрцах, а жыццё каб было светлым і радасным, як заўтрашні дзень. Хрыстос уваскрос!
Ксёндз Вадзім Прасяной, пробашч касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах:
— Я родам з Малдовы, з вялікага сяла, якое з’яўляецца астраўком каталіцкай веры, бо навокал — праваслаўныя вёскі. Касцёл вяскоўцы пабудавалі, як звычайную хату. Больш за 50 хлопцаў з’яўляліся міністрантамі, я таксама. Рыхтавацца да Вялікадня пачыналі ад Папяльцовай серады — рабілі нейкія пастановы на Вялікі пост. Традыцыі ў нашай сям’і такія ж, як і ў католікаў усяго свету: фарбаванне ў чырвоны колер яек, выпяканне пышных прыгожых кулічоў. Мае бацькі пажаніліся маладымі. Калі нарадзіўся я, маме было 17, а тату — 18. Праз год з’явіўся на свет брат. Выхоўвалі нас у веры. Пазней прынялі ў нашу сям’ю маміну 14-гадовую хрэсніцу. У нас вялікая радня, і на свята мы звычайна збіраліся разам.
Цяпер дома бываю вельмі рэдка. 13 гадоў таму, атрымаўшы святарскае пасвячэнне, па волі Бога я трапіў у Паставы. Мяне па-бацькоўску сустрэў святой памяці ксёндз Анджэй Возьняк, прыязна прынялі парафіяне. Сёмы год з’яўляюся пробашчам. Парафія — гэта мая вялікая сям’я. У нас, святароў з ордэна сэрцанаў, якія служаць у Беларусі (звыш 10 ксяндзоў), ёсць традыцыя збірацца разам. Вядома, не на сам Вялікдзень ці Божае Нараджэнне — крыху пазней, бо перад святамі і ў час іх вельмі шмат клопатаў: чэргі вернікаў стаяць да споведзі, у нашым касцёле кожны будны дзень адпраўляюцца дзве святыя Імшы, у нядзелю — чатыры. Яшчэ едзем у капліцу ў Ярэве. На Вялікдзень касцёл перапоўнены людзьмі.
Пасха — гэта не толькі і не столькі фарбаваныя яйкі і кулічы на стале. Уваскрэсенне Хрыста — аснова ўсёй біблейскай гісторыі, цэнтр хрысціянскага вучэння, увасабленне Божай любові да кожнага з нас. Гэта свята са свят, урачыстасць з урачыстасцей. І тут важная наша вера. Для чаго мы кожны год адзначаем Вялікдзень? Для таго, каб разам з уваскрослым Езусам абнаўлялася наша жыццё. Няхай радасная вестка Хрыстовага Уваскрэсення ўносіць добрыя змены ў сучасны матэрыяльны свет, дае нам духоўную моц для працы, дысцыпліны, ахвярнасці, прабачэння, цярпення, дабрыні.